Бізнесоўцы Лукашэнкі: і патрэбныя, і шкодныя


«У маім разуменні – гэта $ 15-20 мільёнаў», – ацэньваў сёлета ў студзені бізнесовец Аляксандр Кныровіч магчымы кошт выяўленай нашым тэлеканалам новай рэзідэнцыі Лукашэнкі. А літаральна праз тыдзень яго затрымліваюць па падазрэнні ў нясплаце падаткаў і карупцыйных схемах з ЖКГ. Наўпроставай сувязі тут можа і не быць, але тое, што Аляксандр Кныровіч быў адным з самых медыйных бізнесоўцаў краіны і адкрыта крытыкаваў уладу – гэта факт.

Суду бізнесовец дагэтуль чакае ў ізалятары КДБ

Не спыняе працы і кампанія бізнесоўца, «Сармат Тэрма Інжынірынг». Паводле бацькі Аляксандра Кныровіча, дзяржава не зацікаўленая ў ліквідацыі прадпрыемства, бо гэта працоўныя месцы і падаткі. «Cядзельцы» ў айчынных бізнес-колах – не навіна. Летам мы распавядалі пра спіс сотні самых папулярных у інтэрнэце бізнесоўцаў краіны, складзенага кансалтынгавай кампаніяй «Гусаров Групп». Пракапеня, Чыж, Арбузаў, Кныровіч, Япрынцаў. Палова з топавай дзясяткі – сядзелі ці сядзяць.

«У нас такі крымінальны кодэкс і такія злачынствы, як выманьванне крэдыту, па якому я быў асуджаны. Ці, напрыклад, падрыхтоўка да дачы хабару. То бок чалавек можа сядзець удома і нават не ведаць, што ён рыхтуецца даць хабар», – даводзіць былы бізнесовец і палітвязень Сяргей Скрабец.

Рызыкоўным бізнес становіцца толькі на найвышэйшых узроўнях?

Але плады дзелавога клімату збіраюць як мільянеры, гэтак і індывідуальныя прадпрымальнікі. Тут не столькі крымінальная адказнасць, колькі поўная страта бізнесу. За год колькасць дробных гандляроў скарацілася на 5 000. Лідар аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка кажа пра канфіскацыі тавару на дарогах і няспынныя правяранні.

Лукашэнка дэкларуе гатовасць да прагрэсу і адкрытасць бізнес-ідэям

Тут і зусім свежы дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» і ранейшы сёмы «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Вядома, гаспадарцы патрэбныя грошы, а акурат бізнесоўцы і айтышнікі зарабляюць іх найлепш.

Прасунутых людзей у краіне багата, але ці гатовыя ўлады да пашырэння і ўзмацнення бізнесу ды сярэдняга класу? Пакуль паміж паняццямі лібералізацыя і кантроль Лукашэнка схільны абіраць апошняе.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: pinsdaddy.com