Біржа працы ў Івацэвічах – беспрацоўным: «Як жа вы надакучылі!»


Амаль сто тысячаў подпісаў сабралі актывісты за адмену «Дэкрэту аб дармаедстве». Некаторыя прадпрымальнікі на знак салідарнасці тым, хто пакажа «ліст шчасця», даюць зніжкі да 20 %. Але пры гэтым і самыя бізнесоўцы, якія плоцяць падаткі, таксама пачалі атрымліваць настойлівыя просьбы заплаціць яшчэ.

Цягам дзвюх гадзінаў у Івацэвічах актывісты сабралі каля 100 подпісаў за адмену Дэкрэту № 3

У кантэксце скандальнага дакументу мясцовых жыхароў абурае перадусім адсутнасць працоўных месцаў, стаўленне на біржы працы, а таксама ўзровень заробкаў, якія прапаноўваюць.

«Пайшоў стаць неяк на біржу, хаця б неаплочваемую, кажуць, як вы надакучылі», – скардзіцца жыхар Івацэвічаў.

Подпісы, сабраныя ў Івацэвічах, дададуцца да агульнай скарбонкі АГП

Цягам двух тыдняў толькі актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі сабралі каля 10 тысячаў за адмену дэкрэту аб дармаедах. На іх падставе дэпутат ад АГП Ганна Канапацкая на вясенняй сесіі ў Палаце прадстаўнікоў мае вынесці гэтае пытанне на агульнае абмеркаванне. Пагатоў тэма дармаедаў стала сапраўды народная.

Як кажуць жыхары Івацэвічаў, сітуацыя з працаю, якая склалася тут, характэрная не толькі для Берасцейшчыны, але для ўсіх малых гарадоў.

Подпісы за адмену дармаедскага дэкрэту актыўна збіраюць і ў сталіцы

Пры гэтым афіцыйныя інстытуты і медыі захоўваюць маўчанне адносна дэкрэту аб дармаедах. Дзе браць Br 460 на аплату падатку, калі ты афіцыйна не працуеш, ніхто не тлумачыць. Цікава, што неўзабаве 400-тысячнае войска беларускіх дармаедаў могуць папоўніць і працаўнікі міліцыі. Прынамсі скарачэнні закрануць і МУС, на мінулым тыдні пра гэта паведаміў кіраўнік краіны.

Грамадскія актывісты кажуць, што за адмену прэзідэнцкага дэкрэту падпісваюцца ўсе

Ад пенсіянераў і працоўных да тых жа міліцыянтаў. У сталічнай Малінаўцы за вечар актывісты сабралі каля сотні аўтографаў. І збіраць іх плануюць як мінімум да канца лютага.

«Лісты, якія сабраныя ў рэгіёнах павінныя пайсці ў адміністрацыю прэзідэнта, парламент і ўрад, каб нашыя ўлады ведалі геаграфію, дзе супраць гэтага дэкрэту № 3», – тлумачыць Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюзу РЭП.

Дарэчы «лісты шчасця» атрымалі не толькі тыя, хто афіцыйна не працуе, але нават і тыя, хто рэгулярна сплочвае падаткі. У Менску бізнесоўцы пачалі атрымліваць лісты з паведамленнямі аб неабходнасці сплаціць нібыта раней нясплочаныя падаткі.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»