Безабаронныя перад хатнім гвалтам


(матэрыял глядзіце на 1.10 хвіліне)

Калі стасункі ўнутры сям’і – яшчэ і збіццё, сексуальны гвалт або псіхалагічныя прыніжэнні – пра гэта няёмка казаць, а скардзіцца – страшна. Гэтак, ва Украіне па дапамогу ў паліцыю з прычыны сямейнага гвалту штогод звяртаюцца больш за 100 тысячаў чалавек. Аднак, паводле ААН, лічба пацярпелых можа перакрочыць мільён.

«Вярхоўная Рада, уносячы змены ў Крымінальны кодэкс, фактычна ўнесла змены, спрабуючы ратыфікаваць Канвенцыю Рады Еўропы, гэтак званую Стамбульскую канвенцыю. Яна змяніла фармулёўкі згвалтавання і ўнесла новыя фармулёўкі ў Крымінальны кодэкс», – кажа адвакат Андрэй Лешчанка.

Раней крымінальнае пакаранне ва Украіне прадугледжвалася толькі за фізічны або сексуальны гвалт. Цяпер яно будзе распаўсюджвацца таксама на псіхалагічны і эканамічны ціск – калі ў чальца сямʼі забіраюць грошы, не дазваляюць працаваць або выганяюць з дому. У першым выпадку – ахвяра мае давесці псіхалагічныя наступствы прыніжэнняў і тое, што яны мелі месца больш за тры разы. Гвалтам будзе лічыцца і прымус да супольнага пражывання або шлюбу, а таксама блізкасць без атрымання дазволу партнёра. Ці не стане гэта падставаю для маніпуляцыяў?

«Ані пісьмовай, ані натарыяльнай формы закон не патрабуе. Таму, я лічу, што практыка пакажа, наколькі гэта будзе дзеяць, але я лічу, што здаровы сэнс і логіка ды жыццёвыя рэаліі застануцца такія ж», – лічыць Андрэй Лешчанка.

Новы закон павялічвае працягласць пакарання грамадскімі працамі – ад 150 да 240 гадзінаў або да 6 месяцаў арышту. Крыміналізацыя артыкулу дазволіла караць і абмежаваннем волі да пяці гадоў або прысуджаць рэальны тэрмін – да двух гадоў пазбаўлення волі. Раней жа сітуацыя з пакараннем ва Украіне нагадвала беларускія рэаліі: штрафы і сімвалічныя гадзіны грамадскіх працаў.

«Калі гэта ўжо крытычная сітуацыя ў сямʼі, яны звяртаюцца да ўчастковых, але потым яны адзін аднаго шкадуюць, і ўжо ніяк гэта не працягваецца як уздзеянне на чалавека», – адзначае Вольга Кавалькова, юрыст, сустаршыня БХД.

Ва Украіне паліцыя абавязаная цяпер даводзіць справу да суда, нават у выпадку, калі ахвяра забярэ сваю заяву. У Беларусі – міліцыя, як правіла, не заводзіць крымінальнае справы, а, калі выпадак гвалту – адбыўся ўпершыню, можа абмежавацца і папярэджаннем.

«Калі мы прымем такі закон у нас у краіне, жанчыны будуць у большай бяспецы, і яны будуць разумець, што, калі яны звярнуліся па дапамогу ў міліцыю, міліцыя акажа дапамогу на адпаведным узроўні, і гвалтаўнікі будуць пакараныя па заслугах. Тое, чаго цяпер не адбываецца», – распавядае Аксана Барысевіч, псіхолаг у галіне хатняга гвалту.

У праваахоўныя органы ахвяры не звяртаюцца не толькі таму таму, што баяцца большай жорсткасці з боку тырана ў адказ, але і, як кажа Аксана Барысевіч, каб сямʼю не паставілі на ўлік як нядобранадзейную і не забралі дзяцей. Аднак нават пры гэтым Беларусі ў міліцыю аб хатнім гвалце паведамляюць каля 120 тысячаў грамадзянаў на год.

«Я лічу, што закон нейкі мусіць быць прыняты. Не мусіць быць гэтага».

«Больш жорсткую адказнасць для тых і для іншых. Бо яно можа як з боку жанчын, гэтак і з боку мужчын. Тады я думаю, што можа нешта ў гэтым сэнсе зрушыць».

«Нейкі скандал – даваць 15 содняў. Гэта будзе адвучваць людзей падымаць руку».

Закон аб хатнім гвалце пачыналі распрацоўваць у Беларусі, але цяпер аб яго прыняцці гаворкі не вядзецца. Кіраўнік краіны ў кастрычніку заявіў, што такая захада, цытата «дурнота, што прыйшла з Захаду».

Юлія Лабанава, «Белсат»