«Без заняткаў студэнты будуць тусавацца». Урад супраць каранціну


Міністэрства аховы здароўя падала аргументы супраць увядзення каранціну ў беларускіх дзіцячых садках, школах і ўніверсітэтах.

Асноўная крыніца распаўсюду каронавіруса змясцілася з Кітаю ў Заходнюю Еўропу. Цяжкая сітуацыя ў Італіі, колькасць ахвяраў – амаль паўтары тысячы.

«Тут усе кажуць, што ўсе моргі забітыя, і тых хворых, якіх прывозяць на стадыі, дзе лекі не дапамагаюць, проста кладуць і чакаюць, пакуль яны памруць«, – распавёў «Белсату» беларускі дальнабойнік у Італіі Зміцер Радзевіч.

У шпіталях не хапае вольных ложкаў, апаратаў для інтэнсіўнай тэрапіі ды лекараў – яны таксама людзі, і шмат хто з іх цяпер хворы на каронавірусную пнеўманію.

«Сітуацыя вельмі небяспечная. Што будзе далей, залежыць перадусім ад здольнасці выконваць жорсткі каранцін. Уважлівае назіранне і блакаванне – гэта абсалютна неабходныя захады, каб кантраляваць распаўсюд інфекцыі«, – тлумачыць Глёр‘я Тальяні, інфекцыяністка з Рымскага ўніверсітэту «Ля Сапіенца».

На другім месцы ў Еўропе – Іспанія. «Ковід-19« выйшаў з інкубацыйнага перыяду: 2000 выяўленых выпадкаў за дзень, паўтары сотні памерлых за ноч. Урад не толькі закрыў межы і ўвёў каранцін у школах ды інстытутах – у грамадскіх месцах паліцыя сочыць, каб людзі не стваралі натоўпаў.

Але надзвычайнае становішча не дапамагло Бэгонні Гомэс – жонка прэм’ер-міністра Пэдра Санчэса таксама хворая на каронавірусную інфекцыю. Астатніх урадоўцаў правяраюць.

Усе суседзі Беларусі, апроч Расеі, заклікаюць грамадзянаў працаваць дома, прыпыняюць міжнародныя пасажырскія маршруты, абмяжоўваюць уезд замежнікаў, каб зменшыць колькасць прывазных выпадкаў хваробы, ды ўводзяць узмоцнены памежны кантроль па ўсім перыметры. На беларуска-польскай мяжы ўтварыліся вялізныя чэргі фураў.

Вось што кажуць «Белсату» кіроўцы грузавікоў на беларускім баку памежнага пункту «Брузгі»:

«Нашыя зусім не спраўджваюць, палякі спраўджваюць».

«Мераюць тэмпературу нейкім прыборам».

Ва Украіне, дзе толькі тры пацверджаныя выпадкі COVID-19, увялі надзвычайнае становішча. У Кіеве панікі няма, але людзі закупляюцца больш, чым звычайна, каб потым менш хадзіць па крамах.

Вось што кажуць «Белсату» жыхары Кіева:

«Будзем глядзець па дынаміцы. Трэба дзейнічаць на апярэджанне, таму каранцін».

«У аптэках масак няма і антысептыкаў».

«Не проста так такі кіпіш паднялі. Панікі няма, але трэба выконваць прэвентыўныя захады бяспекі».

«Пакуль у Кіеве ніводнага выпадку не зарэгістравалі, не панікуем. Але па мінімуме выходзім на вуліцу».

У Беларусі на момант падрыхтоўкі матэрыялу выявілі 27 інфікаваных каронавірусам, у тым ліку 5 студэнтаў БДУ. 240 студэнтаў і выкладчыкаў Белдзяржуніверсітэту змешчаныя на каранцін у шпіталі. Міністэрства аховы здароўя, аднак, сумняецца, што студэнты падчас каранціну не будуць ладзіць тусоўкі. Малых ж дзяцей бацькі, якія працягнуць працу, аддадуць бабулям і дзядулям, а гэта – рызыкоўна, дадае ведамства.

«Пасля закрыцця дзіцячых садкоў і школаў малалетнія дзеці, чые бацькі, як правіла, працуюць, будуць пад наглядам бабуль і дзядуляў. А людзі сталага ўзросту – найбольш уразлівая група для цяжкіх ускладненняў вірусных інфекцыяў (грып, парагрып, адэнавірус, адзёр, пнеўманіі)».

Як мяркуюць падначаленыя Уладзіміра Караніка, грамадзяне Беларусі мусяць самыя паклапаціцца пра сваё здароўе. А закрыццё рэстаранаў і кінатэатраў, адмена масавых імпрэзаў і абмежаванне ўезду замежнікаў на дадзены момант – непатрэбныя.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»