Без віны вінаватыя: новыя затрыманні ды прысуды


Раённыя суды Менску працягваюць разглядаць справы беларусаў, затрыманых на мірных акцыях пратэсту. Судзяць таксама за бел-чырвона-белыя сцягі на гаўбцах і ў вокнах кватэраў, за фотаздымкі з нацыянальнаю сімволікаю.

Грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч знайшоўся пасля паўдня пошукаў. «Беларускае шчасце – гэта калі муж знаходзіцца ў турме», – напісала ў сваім «Фэйсбуку» ягоная жонка Наста.

Актывіста затрымалі ўчора падчас традыцыйнай сімвалічнай курапацкай варты каля скандальнага рэстарану «Поедем поедим», збудаванага побач з месцам масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

«Ужо сёння ён знайшоўся ў ІЧУ Менскага раёну на вуліцы Францыска Скарыны. На жаль, нягледзячы на тое, што сёння субота, суд не адбыўся. Будзем чакаць, што будзе ў панядзелак. Я так мяркую, што, напэўна, яго будуць судзіць па ўсім вядомым артыкуле 23.34. Спадзяюся, што горш не будзе», – дзеліцца Наста, жонка Змітра Дашкевіча.

Суд быў заняты адхіленнем скаргі абароны сябра Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай на змяненне захады стрымання. Абвінавачаная ў закліках да захопу ўлады Калеснікава застаецца за кратамі з 7 верасня. Выглядае, што пад вартаю яна прабудзе мінімум да 8 сакавіка. Тыдзень таму яе этапавалі з жодзінскага ізалятару ў СІЗА на Валадарскага ў Менску.

«Яна неаднаразова скардзілася на тое, што паленне шкодзіць ейнаму здароўю. У непрыняцці мераў для паляпшэння ўмоваў утрымання я бачу свайго роду катаванне чалавека. Я ўпэўнены, што ёсць усе магчымасці прадугледзець нейкія захады, каб не абвастралася ейная хвароба», – заяўляе бацька Марыі Калеснікавай Аляксандр.

22-гадовага студэнта БДУ Яўгена Каліноўскага адправілі ў калонію на 4 гады і абавязалі выплаціць маральную кампенсацыю пацярпелым амапаўцам.

«Майму сябру, які проста неверагодны чалавек, які выйграў пару алімпіядаў рэспубліканскіх, які выйграў стажаванне ў ЗША і правучыўся там паўгода, які робіць неверагодныя праекты для аднаго французскага стартапу, далі 4 гады! За што?! За тое, што ён проста штурхнуў аднаго з гэтых нелюдзяў», – плача сяброўка Яўгена Лідзія.

Суддзя Максім Трусевіч прызнаў Яўгена Каліноўскага вінаватым у «актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалце ў дачыненні міліцыянтаў» падчас мірнай акцыі пратэсту 14 ліпеня. Тады Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатамі на прэзідэнцтва. Маладзён сваёй віны не прызнае і плануе абскардзіць прысуд.

Каця Малей, «Белсат»