Без гэтай установы Беларусь нельга лічыць самастойнаю дзяржаваю


Пакуль ня будзе створаны цалкам беларускамоўны ўніверсітэт, мы ня можам лічыць Беларусь цалкам самастойнаю дзяржаваю – такія заявы гучалі сёння падчас канферэнцыі «Нацыянальны ўніверсітэт у 21-ым стагоддзі». Дыскусію зарганізавалі ініцыятары стварэння першага беларускамоўнага ўніверсітэту з мэтаю агляду інтэлектуальнага патэнцыялу для будучага праекту.

Чакалі, чакалі і не дачакаліся. Беларусь ёсць, беларуская мова гучыць, а вось універсітэту, дзе б навучанне вялося цалкам на роднай мове, няма нават праз чвэрць стагоддзя пасля вяртання незалежнасці.

«20 гадоў мы дамагаліся ад дзяржавы, каб яна стварыла дзяржаўны нацыянальны ўніверсітэт, і яна катэгарычна адмовілася, то сёлета мы вырашылі стварыць прыватны ўніверсітэт. Мы вырашылі паказаць дзяржаве, што знойдуцца асобы якія дадуць грошы на ўніверсітэт, і знойдуцца студэнты якія гатовыя плаціць за такое навучанне», – кажа старшыня аргкамітэту «Альбарутэнія», Алег Трусаў.

Паводле старшыні арганізацыйнага камітэту ўніверсітэту «Альбарутэнія», установа ўжо мае памяшканне, знайшліся спонсары. Засталося атрымаць ліцэнзію. Плануюць, што першых студэнтаў універсітэт прыме праз год.

«Я спадзяюся, што калі мы ўсё падрыхтуем, усе дакументы паводле заканадаўства, я думаю ўсё атрымацца, і я не думаю, што будуць нейкія перашкоды. Ва ўсялякім разе, я веру ў гэта», – кажа дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы, Алена Анісім.

Яшчэ адзін адукацыйны праект пад назваю «Вольны беларускі ўніверсітэт» быў прэзентаваны Аляксандрам Мілінкевічам. Пакуль установа таксама ў стадыі стварэння. Універсітэт мае сканцэнтравацца на дыстанцыйнай форме навучання з выездамі на стажаванне за мяжу.

«Мы б хацелі вучыць людзей так, каб пасля яны сталі беларускай нацыянальнай элітай. Каб яны ж пасля былі ў стане правесці ў Беларусі трансфармацыю, якая нам вельмі неабходная. Калі яна нам будзе неабходная, не вядома, але будзе патрэбная калісьці. Па-другое, мы хочам каб быў меншы ўплыў Расеі на вышэйшую адукацыю. Бо ў нас у адрозненні ад Украіны, дзе амаль усе едуць вучыцца на Захад, у нас 72 % едуць вучыцца ў Расею і набіраюцца там «рускага міру», і набіраюцца поглядаў абсалютна не прабеларускіх», – мяркуе Аляксандр Мілінкевіч.

Ініцыятары нацыянальных адукацыйных праектаў упэўненыя: як калісьці чэргі стаялі, каб трапіць у ліцэй Якуба Коласа, гэтак жа і ва ўніверсітэт, дзе запануе беларушчына, ад ахвотнікаў трапіць н(я) будзе адбою.

Юрый Салодкі, «Белсат»