Беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі


Перадвыбарчая агітацыя ідзе ў няроўных умовах – папярэджвае праваабарончы цэнтр «Вясна». Аляксандр Лукашэнка напоўніцу ўжывае адміністратыўны і прапагандысцкі рэсурс, а кандыдатам ад апазіцыі перашкаджаюць сустракацца з выбарцамі. Пры гэтым сёлетнія выбары вылучаюцца беспрэцэдэнтнай колькасцю крымінальных і адміністратыўных справаў супраць актывістаў, палітыкаў, ды проста людзей, якія трапіліся пад руку міліцыі і спецслужбаў. Так, сёння магілёўскага актывіста Станіслава Паўлінковіча з раніцы выклікалі на допыт і арыштавалі на 15 дзён.

Станіслаў Паўлінковіч стаў фігурантам крымінальнай справы, абвінавачаны ў абразе суддзі. Пра магчымасць затрымання актывіст ведаў, бо не адседзеў 15 содняў, якія атрымаў у яшчэ ў траўні.

«Яго ў любы момант маглі забраць, але забралі чамусьці менавіта за тыдзень да выбараў. Ён сядзіць тыдзень перад выбарамі і тыдзень пасля. Гэта відавочна зачыстка асноўных актывістаў Магілёва, каб яны не выйшлі на плошчу», – кажа Алесь Райкан з праваабарончага цэнтру «вясна».

А ў Хойніках 10 содняў атрымаў блогер-трактарыст, аўтар каналу «Хронікі механізатара» і «Хойнікі для жыцця» Яўген Васількоў, якога затрымалі ў пятніцу за непадпарадкаванне міліцыі пасля санкцыі пракурора ў справе размаляваных дарожных знакаў словамі «Саша 3 %».

«Яны папрасілі дакументы на аўта, але ж гэта агляд! Гэта не вобшук. Давайце даішніка, аўтамабіль – гэта ж адносіцца да ДАІ. Скажыце мне артыкул, паводле якога я абавязаны паказаць дакументы? Сказалі гэта непадпарадкаванне, надзелі кайданкі і паехаў!» – кажа блогер Яўген Васількоў.

«Артыкул, паводле якога складзены пратакол, прадугледжвае адказнасць за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўнікаў міліцыі. Тут трэба ацаніць, законна ці не патрабаваць у чалавека, які не едзе на аўтамабілі, тэхнічны пашпарт», – кажа Леанід Судаленка, праваабаронца.

31 ліпеня ў Віцебску затрымалі валанцёра штабу Бабарыкі 26-гадовую Вольгу Бабінскую. Сёння павінен быў адбыцца суд, але паседжанне нечакана перанеслі.

«Тут інфармацыя пра арганізацыю масавых дзеянняў, у гэтым асноўная тэма.Я не чакала на самой справе, не верыла ў тое, што такое можа адбыцца», – адказала актывістка Вольга Бабінская.

«Бяспраўе творыцца, хлопцы! Бяспраўе! Тыя матэрыялы, якія прадставілі, якія паказала адвакат, яны сведчаць, што ну няма ніякага нават адміністратыўнага парушэння! Няма артыкулу, гэта фікцыя!» – зазначае маці затрыманай Таццяна Бабінская.

Позву зʼявіцца 6 жніўня ў Следчым камітэце ў Менску атрымаў журналіст «Еўрарадыё» Міхаіл Ільін. 14 ліпеня яго разам з аператарам Арцёмам Маёравым затрымалі ў жывым эфіры міліцыянты ў цывільным. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», цягам мінулага месяца ў месцах пазбаўлення волі і следчых ізалятарах з розных прычынаў, у тым ліку і з нагоды крымінальных справаў, заведзеных Следчым камітэтам, застаюцца 24 палітвязні. Агулам за ўдзел у мірных сходах 14 і 15 ліпеня міліцыя затрымала больш за 420 чалавек. Больш як 50 арыштавалі на содні, каля 79 былі аштрафаваныя.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»