Беспрацоўных змусяць плаціць павялічаныя камунальныя


Сумны момант расплаты за беспрацоўе ўжо блізка. Праз аплату паслуг арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі будуць выконваць дэкрэт аб дармаедах. Спісы па беспрацоўных занеслі ў адмысловую базу. Тэставая версія існуе, праз месяц – будзе рабочая.

Калі ты беспрацоўны, рукі будзеш мыць хутчэй, радзей гатаваць ежу і сядзець упоцемку. Магчыма, што ўжо са студзеня давядзецца аплочваць камунальныя выдаткі паводле поўнага дзяржаўнага тарыфу. Што аб гэтым думаюць берасцейцы?

«Я катэгарычна супраць».

«Я не сутыкалася з гэтым. Мяне гэта не закранае».

«Я працую на трох працах і мне не хапае заробку, каб дажыць да канца месяца на харчы і аплату камунальных паслугаў».

«Я б хацела, каб усе людзі працавалі, і каб дзяржава забяспечвала іх працаю».

Кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку не цікавая прычына беспрацоўя грамадзянаў, а толькі СЛЕДСТВА з яе:

«Каб людзі працавалі і аплочвалі паслугі дзяржавы, у тым ліку ў ахове здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі».

Дзевяць месяцаў спатрэбілася адмысловым камісіям на стварэнне «Базы не занятага ў эканоміцы працаздольнага насельніцтва». Выдаткі на распрацоўку базы аб прыбытках – BR 1,175 мільёнаў рублёў. Міністэрства працы рапартавала, што спробная версія базы гатовая.

«Гэта вар’яцтва. Няма прыкладу нідзе ў свеце каб складалі такія базы і казалі, што гэта дзеля вырашэння праблемы занятасці і наладжвання сацыяльнай справядлівасці. Ніякаю сацыяльнаю справядлівасцю тут не пахне», – абураецца Аляксандр Ярашук, кіраўнік беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Перад сезонам лоўлі беспрацоўных Нацыянальны статыстычны камітэт адышоў ад ранейшага метаду падліку. Атрымалася, што ажно каля пяці адсоткаў насельніцтва – патэнцыйныя штрафнікі. У снежні кожны грамадзянін зможа праверыць, ці трапіў у іх лік. Пакаранне праз квартплату закране кожнага працаздольнага, які быў заняты менш чым 183 дні на год і не скарыстаўся з прапановаў ад «Камісіі спрыяння занятасці».

Першая версія дэкрэту аб дармаедах прадугледжвала штрафы за беспрацоўе памерам 20 базавых велічыняў. Летась пратэсты тысячаў абураных грамадзянаў па ўсёй краіны прымусілі адмяніць стары дэкрэт, але замест яго ўжо напрыканцы студзеня паўстаў новы.

Юлія Цяльпук, belsat.eu