Беспрацоўе ў Беларусі змушае да рабства ў Расеі


Абяцаюць залатыя горы – а ствараюць горы праблемаў. Каля паўтара мільёна беларусаў працуюць за мяжой, пераважна – у Расеі. І не ўсе гісторыі працаўнікоў ззяюць аптымізмам. Хапае ўсяго: голад, рабства і нявыплачаныя заробкі. А нават можна і не вярнуцца.

Беларусы едуць працаваць за лепшыя грошы, а прыязджаюць у рабства, працу амаль па дваццаць гадзінаў і нявыплачаныя заробкі. Крамлёўскія зоркі свецяць ярка не для ўсіх.

«Прыехаўшы туды, мы былі ўжо вінныя па дзесяць тысячаў расейскіх. Мы запыталі: «Чаму?» А яна адказала: «А вас прадалі», – распавядае былы гастарбайтэр Іван Якавіцкі.

А вось у абвестцы аб найме былі зусім іншыя, райскія, абяцанні:

Здзельны заробак, які павінны былі плаціць двойчы на месяц, выдаваць аванс на харчы, а праезд меўся быць за кошт працадаўцы, пражыванне бясплатнае, а таксама афіцыйная дамова і інструмент для працы.

«Чым больш мы працавалі, тым больш былі вінныя там. Але ў мяне атрымалася збегчы. Людзі дапамаглі. Я хацеў бы, каб гэтых хлопцаў, што прадаюць людзей, устанавіць», – распавядае Іван Якавіцкі.

І мы ўстанавілі. Тэлефануем у віцебскую фірму, якая наймала. Спачатку кажам, што шукаем працу. Нам яе нават могуць прапанаваць. Пазней адкрываю карты.

«Я хачу вам патлумачыць наконт Івана Якавіцкага. Інфармацыя, якую вы маеце, не адпавядае рэчаіснасці. Па-першае, Іван Якавіцкі паехаў сам, атрымаўшы грошы на дарогу назад. Чаму яго звольнілі? Бо чалавек непрафздатны. То бок па-беларуску – гультай», – кажа прадстаўнік фірмы Уладзімір.

У фірме цвердзяць, што грошы заплацілі. А за хлусню нават могуць падаць у суд.

А мы знайшлі і працадаўцу ў вёсцы Паланое Пскоўскае вобласці. Таксама звязваемся.

«Чалавек жыў у кватэры і меў пры сабе свой пашпарт і меў заўсёды грошы на харчаванне, атрымліваў аванс. Ён выпіваў за кошт гэтых грошай», – кажа працадаўца ў Расеі Генадзь Бандакоў.

Раптам у размове працадаўца прапаноўвае паразмаўляць з адным з працаўнікоў, які таксама цяпер перабывае побач з ім на лесапавале. Вядома ж, я пагаджаюся. І аказваецца, што гэта мужчына з Глыбокага і добра ведае Івана Якавіцкага. Што праўда, адрэкамендоўвацца ён не жадае. Але ахвотна адказвае на мае пытанні.

«Ды хіба голадам ніхто не заморвае, пражыванне нармальнае: кватэра, канапы, ложкі, ванна як трэба, тэлевізар, пралька, лядоўня, пражыванне нармалёвае, харчаванне таксама нармалёвае.

– А чаму тады Іван Якавіцкі кажа іншае і звяртаецца ў міліцыю?

– Я не ведаю, што ў яго ў галаве і чаму ён звяртаецца ў міліцыю. Трэба было ехаць і працаваць, а не абы-чым займацца», – распавядае мужчына з Глыбокага.

«Раніцай мы ўстаём а пятай. Толькі кубак гарбаты, у абед па кавалачку каўбасы і па яйку, а ўвечары ізноў тое ж самае. І на гэтым усё», – кажа Іван Якавіцкі.

Версіі не супадаюць. І высвятляць справу мусяць праваахоўнікі. Тым больш, што выпадак не разавы.

«Трэба спраўджваць, куды ён уладкоўваецца на працу, арганізацыю, а потым арыентавацца на месцы».

«А што з гэтым рабіць. Нічога з гэтым не зробіш. Што тут зробіш. Трэба афіцыйныя дакументы афармляць».

«Тут заробкаў няма, таму і едуць. У мяне сын таксама працуе за мяжой», – кажуць жыхары Віцебску.

За мяжою, паводле адмыслоўцаў у міграцыі, працуе каля паўтара мільёна беларусаў.

Дзве траціны – ці мільён – у Расеі. Яшчэ паўмільёна пераважна ў Польшчы, Літве, Казахстане, ЗША, Нарвегіі ды Фінляндыі.

І вельмі часта такія працаўнікі аказваюцца бяспраўныя. А нават знікаюць.

Напрыклад, у Расеі шукаюць жыхара Кобрынскага раёну Сяргея Голада, які з’ехаў на заработкі 27 чэрвеня ў Вязьму. 29 чэрвеня выйшаў з дому, і дасюль пра ягонае месцаперабыванне нічога не вядома.

Усім, хто едзе працаваць за мяжу, галоўная рада – уважліва спраўджваць усе дакументы.

«Калі пачынаеш размаўляць з людзьмі, яны не могуць паказаць ні дакументаў, ні нават таго, у каго працавалі, такія юрыдычныя асобы не значацца ў Адзіным рэгістры Расейскае Федэрацыі. Таму даказаць, што чалавек там быў, чалавек працаваў і павінен атрымаць узнагароджанне, практычна немагчыма», – раіць праваабаронца Павел Левінаў.

Таму варта памятаць: не ўсё золата, што блішчыць, а абяцанкі могуць быць толькі цацанкамі.

Сяргей Падсасонны belsat.eu