Беспрацоўе на Гомельшчыне – дэпрэсіўная безвыходнасць


Вёска Патапаўка, што на Гомельшчыне, дзесяцігоддзе таму налічвала амаль тысячу жыхароў. Мясцовы саўгас забяспечваў вытворчасць малака і мяса, збожжавых, зернебабовых ды кармавых культураў. Сёння ж адміністрацыйны цэнтр сельсавету – у глыбокім заняпадзе.

Працаўладкавацца немагчыма

«Няма вакансіяў ніякіх. Увогуле – скарачэнні. А каго тут скарачаць? Тут 20 чалавек засталося і ўсё».

«Зараз жывуць толькі, хто камандзір і начальнік, а такім простым працы няма, заробку няма. Працоўным няма заробку».

– сведчаць тутэйшыя.

Мясцовыя жыхары выжываюць пераважна за кошт уласнай гаспадаркі або едуць працаваць у Расею.

У вёсцы амаль не засталося моладзі

Пенсіянерам, што дажываюць тут свой век, таксама даводзіцца нялёгка. Пасля ўвядзення пенсійнай рэформы ў працоўны стаж перасталі залічваць гады дэкрэтнага адпачынку і нагляду за інвалідамі. Як прыклад – суразмоўца «Белсату» Тамара Тытуленка, якая засталася і без працы, і без пенсійных адлічэнняў.

Абавязковае працаўладкаванне да 1-га траўня, роўна як і заробак Br 1000, Патапаўку абмінуў. У пошуках працы шмат хто пераехаў у раённы цэнтр. Аднак і ў Буда-Кашалёве сітуацыя ненашмат лепшая: будаўнічую ПМК і птушкафабрыку зліквідавалі, а масласыразавод далучылі да Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату. Нешматлікія жыхары, што маюць працу, атрымліваюць па Br 200–300 на месяц.

У прычыне заняпаду мясцовыя актывісты бачаць віну ўладаў

Праблемы вёскі Патапаўка і гораду Буда-Кашалёва – не адзінкавыя. Дэпрэсіўныя змены закранулі ўвесь раён: прадпрыемствы зачыняюцца, а колькасць працоўных месцаў няспынна скарачаецца. Толькі з пачатку года рост афіцыйнага беспрацоўя ў Гомельскай вобласці склаў больш за 20 %.

Юлія Лабанава, «Белсат»