Беражыце коцікаў! У Сляпянцы дзейнічае серыйны скуралуп


Жыхары Сляпянкі на працягу месяца знаходзяць трупы жорстка забітых катоў. Разрэзаныя жываты і выпушчаныя вантробы, праколатае сэрца – гэта дае падставу меркаваць, што ў раёне дзеюць скуралупы.

«Так атрымалася, што я ішла дахаты, я ў тым доме жыву, і прысела на лаву. Мне цяжка падняцца на паверх, я прысела. І тут такі крык! Крык такі пранізлівы – ката!»

«Я праходзіла тут з сабакам, і пабачыла, што тут ляжыць кот. І ведаеце, ён такі страшны быў, разадраны. Бачна, што здзекаваліся з яго».

«І вось, калі выйшла, убачыла ўвесь гэты жах, разадраных гэтых катоў – аднаго, другога, мы, мясцовыя жыхары, ужо баімся выходзіць увечары на вуліцу, баімся за сваіх дзяцей», – распавядаюць мясцовыя жыхары.

Сюжэт глядзіце ў поўным выданні «Аб’ектыву»:

На сёння жыхары знайшлі каля 20 трупаў чатырохногіх.

У Сляпянцы Партызанскага раёну шмат бадзяжных жывёлінаў. Бо з аднаго боку тут прыватны сектар і чыгунка, а з другога – вялікая крама, куды гэтыя жывёліны прыходзяць пад’есці. Вялікая колькасць катоў у гэтым раёне і прыцягвае скуралупаў, адзначаюць валанцёры. Жывёлінаў не ратуе і пільны дагляд актывістаў, якія іх кормяць і стэрылізуюць, дзяжураць у гэтым раёне.

Наталля Алям’яр з грамадскага абʼяднання абароны жывёлы «Заасвет» тлумачыць:

«Гэтыя вычварэнствы зробленыя адной і той жа групай. Прычым мы падазраём, што ў гэтым выпадку дзейнічаюць сатаністы, па нашых меркаваннях. Бо ўсе гэтыя дакладныя дзеянні адпрацаваныя».

Па факце жорсткага абыходжання з жывёлай у РУУС Партызанскага раёну актывісты напісалі некалькі заяваў.

«Праблема ў тым, што сёння следчыя органы не гатовыя весці такія справы. То бок я сутыкнулася з такой праблемай, што нам прыходзілася проста прымушаць, браць гэтыя заявы і тлумачыць іх важнасць. Нават да таго, што гэты труп ніхто не хацеў вымаць», – дадае Наталля Алямʼяр.

Але праблема не ў міліцыі, тлумачыць другі наш суразмоўца, а ў тым, што ў Беларусі дасюль не прынялі закону аб абароне жывёлы. Адзіны артыкул – 339 часткі 1 Крымінальнага кодэксу – не спыняе скуралупа, бо ягонае злачынства цяжка даказаць.

«Хвароба нашых праваахоўных органаў, якія не хочуць на сябе вешаць дадатковыя крымінальныя справы. У цяперашні момант гэтую справу перакінулі на ўчастковага», – гаворыць валанцёр і зоаабаронца Алег Хвалаў.

Пракаментаваць сітуацыю журналістам «Белсату» участковы не захацеў. Пакуль жа скуралупа не злавілі, актывісты расклейваюць папераджальныя абвесткі, хоць іх і здзіраюць працаўнікі ЖЭСу.

Валанцёры папярэджваюць гаспадароў, каб яны не выпускалі на шпацыр без нагляду сваіх гадаванцаў, бо тыя могуць стаць патэнцыйнымі ахвярамі катаў. Аднак у дварах можна сустрэць шмат дагледжаных жывёлінаў, якія лёгка ідуць на кантакт.

Чатырохногім цяжка ратавацца ад скуралупа яшчэ і праз тое, што ў дамах гэтага раёну камунальнікі задраілі вентыляцыйныя вокны, дарэчы, парушаючы заканадаўства.

Таццяна Уласенка belsat.eu