Берасцейцы зноў змагаюцца за свой горад: узяліся за рамонт дарог


Пад хэштэгам #ямыбреста ў сеціве – безліч выбоінаў і іншых пашкоджанняў дарожнага пакрыцця ў Берасці. Кампанія «За свой горад» збірае ад жыхароў скаргі і накіроўвае выканаўчай уладзе і ДАІ.

Пасля дажджу ўсе яміны выглядаюць аднолькава. Глыбіню праблемы ў адным з берасцейскіх двароў па вуліцы Маскоўскай кіроўца Валянцін Лазарэнкаў вымяраў лінейкаю.

Валянцін Лазарэнка, кіроўца, арганізацыя «За свой горад»:

«14 см – гэта значыць, што там можна кола пакінуць, выбіць. Гэта ж цэнтральнае месца. Тут супермаркет «Алмі», пляцоўка спецыяльна ўладкаваная для машын».

Тая яміна ў ліку 1001-я з яшчэ не залатаных у Берасці да тысячагоддзя гораду, якое адсвяткуюць у сярэдзіне верасня. Падобныя выпадкі збірае група берасцейцаў, аб’яднаная ў арганізацыю «За свой горад». Праз сваю старонку і сацыяльныя сеткі актывісты месяц таму абвесцілі кампанію #ямыбреста.

Ігар Маслоўскі, кіроўца, арганізацыя «За свой горад»:

«Мы раз на 10 дзён збіралі гэтыя фотаздымкі з хэштэгам #ямыбреста і апісаннем кожнага выпадку і складалі комплексныя скаргі. Накіроўвалі дакументы ў ДАІ ды Берасцейскі гарвыканкам».

Яшчэ нядаўна на вуліцы Абаронцаў Айчыны ў Берасці быў «супрацьтанкавы роў». Гэтак мясцовыя называлі ўчастак дарогі, які гарадскія службы «зашылі» праз тыдзень пасля скаргі ў межах кампаніі. Вайна за выжыванне на гэтым адрэзку скончылася. Але горад багаты на іншыя, кажуць берасцейцы:

«Не даглядаюць за дарогаю па вул. Янкі Купалы каля дому №100а, дзе гаражы і аптэкавыя склады».

«Робяць павольна праз недастатковае фінансаванне. Прадпрыемтваў, якія гэтым займаюцца, мала, яны манапалісты. Наколькі мне вядома – гэта «Белаўтадорсервіс» і «СТіМ».

Новыя дарогі будуюць паводле больш трывалай тэхналогіі, а на перасланне старых то час неадпаведны, то фінансавання няма. У якасці таблеткі (якая не лекуе, а часова пазбаўляе ад болю) улады пагаджаюцца на заплаткавы рамонт.

Урывак з адказу на скаргу ад Берасцейскага гарвыканкаму:

«У першую чаргу адбываецца рамонт вуліцаў з найбольш інтэнсіўным рухам транспарту і пакрыццё якіх мае значныя пашкоджанні. Пасля 15 траўня будзе выконвацца ямінавы рамонт праездаў у дварах».

Менавіта гэтага чакае большасць удзельнікаў марафону #ямыбреста. Бо чым далей ад цэнтральнай вуліцы – тым больш выбоінаў напаткае колы.

«Мы прывучаем людзей не баяцца, каб яны публічна агучвалі праблемы, збіралі, а далей мы ўжо комплексна накіроўваем гэтыя скаргі. Мы заклікаем людзей да актыўнай дзейнасці», – кажа Ігар Маслоўскі, «За свой горад».

Магчымасць уплываць на наваколле даюць яшчэ дзве інтэрнэт-платформы краіны – дзяржаўны праект Мой горад (пад адрасам 115.бел) і праект Зручны горад – petitions.by.

«Калі раней вы ўмоўна тэлефанавалі ў ЖЭС паведаміць пра дрэнную дарогу, вам адказвалі «мы нешта зробім» і на гэтым усё спынялася. Тут такі варыянт ужо не «пракоціцца», бо цяпер трэба даць адказ, напрацягу якога часу будзе зроблена», – тлумачыць блогер і фатограф Антон Матолька.

Платформа «За свой горад» – ужо трэцяя з ліку мабілізацыйных для дзяржавы. Паўстала ў Берасці, але пазіцыянуе сябе як арганізацыя для развіцця ўсяе краіны.

Юлія Цяльпук, belsat.eu