Берасцейцы выйшлі на мітынг пад лозунгам «Мы хочам жыць!»


Чаго больш у супрацьстаянні жыхароў Берасця і мясцовых уладаў, якое цягнецца з пачатку года вакол будаўніцтва за чатыры кіламетры ад гораду акумулятарнага заводу, – экалогіі ці палітыкі? Удзельнікі сённяшняй акцыі пратэсту ў абласным цэнтры маюць свой адказ: найбольш – жадання жыць.

«Мы хочам жыць!» Словы, аднолькава важныя для ўсіх – незалежна ад узросту, роду заняткаў ці, скажам, палітычных перакананняў. У берасцейскім Парку ваяроў-інтэрнацыяналістаў сёння пратэставалі супраць будоўлі побач з горадам акумулятарнага заводу «АйПаўэр».

Удзельнікі мітынгу кажуць:

«У Расеі 22 акумулятарныя заводы. Уся Беларусь заваленая расейскімі акумулятарамі: і зольнымі, і свінцовымі, і літыевымі – навошта гэты завод патрэбны?»

«Шмат людзей супраць заводу, супраць яго будаўніцтва – і нашыя ўлады павінны прыслухацца да меркавання людзей».

Улады, якія ўласна і дазволілі ўзвядзенне шкоднага прадпрыемства, мітынг пад назваю «Берасцейкі супраць свінцу», таксама санкцыянавалі. Міліцыя ў акцыю не ўмешвалася.

«Гэта страшна, гэта небяспечна. Свінец – гэта нашая павольная смерць. Я хачу сказаць, што ў іншых краінах гэткія заводы зачыняюцца, паўсюль зачыняюцца! Кітай, які хутка эканамічна падняўся, цяпер зачыняе гэтыя заводы – і ў іх там экалагічная катастрофа! І яны гэтыя заводы хочуць адчыніць у нас! Яны хочуць, каб мы дыхалі ў масках ці не дыхалі наагул?» – кажа Кацярына Чорная, арганізатарка мітынгу.

Агулам у мітынгу ўзялІ ўдзел каля дзвюх тысяч чалавек – гэта ці не найбольш з усіх акцыяў пратэсту ў Берасці за апошнія гадоў 15. Арганізатары прызнаюцца, што нават не разлічвалі на гэткую колькасць людзей.

Удзельнікі мітынгу кажуць:

«Хай будуюць у чарнобыльскай зоне! Няхай – у нас ёсць месцы, няхай возяць туды людзей! А тут, наўпрост каля самога Берасця – мне здаецца, гэта людзей не лічаць за людзей!»

«Гэта заканамерны вынік дваццаці гадоў дыктатуры, калі людзі, якія кіруюць Беларуссю, нікому непадкантрольныя – як той казаў, што хачу, тое і варачу!»

Сярод іншага, выступоўцы падкрэслілі, што на сёння ў Беларусі адсутнічаюць тэхналогіі перапрацоўвання акумулятарных батарэяў, то бок небяспечныя адкіды папросту пойдуць на сметнік. Як тое здарылася ў паселішчы Зялёны Бор Івацэвіцкага раёну, які ўдзельнікі мітынгу запатрабавалі абвесціць зонай экалагічнай катастрофы.

«Мы хочам і патрабуем, каб вывезлі з нашага пасёлку гэты свінцовы хлам! І хай адкажа той, хто гэта зрабіў!» – заявіла жыхарка Зялёнага Бору Святлана Гойшык.

Напрыканцы ж акцыі мітынгоўцы ўхвалілі рэзалюцыю, якую збіраюцца даслаць у Адміністрацыю прэзідэнта. А таксама заклікалі ўсіх неабыякавых працягваць пратэставаць супраць будоўлі заводу.

Валер Руселік, «Белсат»