Берасцейцы: Рэферэндум пра завод – гэта пыл у вочы


Быць ці не быць? Лёс акумулятарнага заводу пад Берасцем збіраюцца вырашыць мясцовыя жыхары. Сёння ў абласным цэнтры адбылося папярэдняе абмеркаванне арганізацыі гарадскога рэферэндуму ў пытанні заводу «АйПаўэр». Падобнага ў найноўшай гісторыі Беларусі яшчэ не было.

Плошча Леніна, на якой берасцейцы ўжо 2 гады збіраюцца пакарміць птушак у знак пратэсту, сёння стала забароненай. Байцы спецназу нікога не затрымлівалі, але пагрозамі выціснулі людзей да гарвыканкаму, дзе прайшло абмеркаванне магчымага рэферэндуму ў справе акумулятарнага заводу.

«Ідзіце, вам сказалі, плошча не вашая, тут больш нічога не будзе. Дык вось. Гэта нашая краіна, нашая плошча і нашыя гарады», – абураецца праціўнік акумулятарнага заводу Уладзімір Казлоўcкі.

Дзясяткі тысячаў подпісаў супраць заводу свінцовых акумулятараў пад Берасцем, больш за 2 гады мірных пратэстаў кожную нядзелю, сотні жорсткіх арыштаў і буйных штрафаў за несанкцыянаваныя сходы, міліцэйскі пераслед удома, крымінальная справа аб абароце боепрыпасаў, якая развалілася і не дайшла да суда – і вось нарэшце ініцыятыўная група гараджанаў можа выказацца непасрэдна ў залі, пабудаванай для гараджанаў. Бо Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з праціўнікамі заводу, – тымі, каго не пасадзілі пад арышт, і загадаў мясцовым уладам рыхтаваць рэферэндум.

Кіраўнік гарвыканкаму Аляксандр Рагачук кажа, што галасаванне пройдзе праз 2 месяцы.

«Рэферэндум гэта форма наўпроставай дэмакратыі. І важна, каб не было прафанацыяў самой гэтай ідэі. І сёння ў залі былі людзі, якія захацелі ўдзельнічаць у гэтым складаным арганізацыйным і працоўным працэсе», – заявіў Аляксандр Рагачук пасля дыскусіі.

Гэта не зусім так. Падчас дыскусіі праціўнікі заводу нагадалі, што завод «АйПаўэр» пабудавалі з памылкамі і парушэннямі на ўсіх стадыях – ад плану да наладкі абсталявання. І калі завод запусцяць, у паветра гораду будуць трапляць сотні кілаграмаў атрутных адкідаў.

«Нягледзячы на парушэнні, парушэнні закону, на тое, што завод небяспечны для нас, рэферэндум можа зрабіць так, што завод запрацуе, я правільна разумею?» – пытала старшыню гарвыканкаму адна з удзельніц сустрэчы.

Рагачук ад непасрэднага адказу на пытанне ўхіліўся.

Частка праціўнікаў заводу лічаць рэферэндум магчымасцю распаўсюдзіць інфармацыю пра небяспеку заводу, каб усё ж яго зачыніць.

«Рагачук сказаў, што цалкам усё будзе ў адкрытым доступе, будуць камеры, усіх запрашаюць ва ўчастковыя камісіі, у гарадскую камісію правядзення рэферэндуму запрашаюць усіх», – распавёў пра сустрэчу берасцейскі актывіст Віталь Казак.

Іншыя выказваюцца больш катэгарычна:

«Рэферэндум гэта пыл у вочы. Чаму ў крэпасці называюць нас шарлатанамі, а цяпер акумулятаршчыкі харошыя? Калі ўжо рабіць рэферэндум, то да выбараў, а не пасля», – мяркуе праціўнік заводу Канстанцін Астапук.

Але па-сапраўднаму ў празрыстасць рэферэндуму і немагчымасць фальсіфікацыяў з боку падначаленых Лідзіі Ярмошынай не верыць ніхто.

«Калі выконваць закон, гэтага прадпрыемства на тэрыторыі Свабоднай эканамічнай зоны ў прынцыпе не мусіць быць. Гэта абсалютна незаконнае рашэнне было зрабіць яго рэзідэнтам СЭЗ і вылучыць там надзел», – дае ацэнку падзеям берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.

Адно з патрабаванняў да мясцовых і рэспубліканскіх уладаў, агучанае на дыскусіі: вызваліць берасцейскіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якія ад пачатку змагаліся супраць заводу, а перад прыездам Лукашэнкі ў Берасце іх пасадзілі ў следчы ізалятар у межах перадвыбарчай крымінальнай справы супраць чальцоў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»