Берасцейцы пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу


Пра тое, што пад Берасцем хочуць пабудаваць акумулятарны завод кампаніі «iPower», паведамляла газета «Зара над Бугам» і сайт Берасцейскага райвыканкаму, аднак ніхто з жыхароў вёскі Хабы і прадмесця Стымава гэтых паведамленняў гэтак і не пабачыў. Цяпер людзі баяцца за заўтрашні дзень: свінец, адное з самых шкодных рэчываў, якое выкарыстоўваецца для вытворчасці акумулятараў.

«Шкоду здароўю баімся больш за ўсё – бо гэтыя шкодныя выкіды маюць уласцівасць не адразу праяўляцца, а назапашвацца ў арганізме», – з трывогаю кажа жыхар Хабаў.

Мясцовыя жыхары распачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва заводу

Да змагання падключылі і эколагаў – побач рэчка Мухавец, вада з якой трапляе ў краны берасцейцаў.

«Нам не зусім зразумела, навошта ён там патрэбны. Тым больш у такой рэкрэацыйнай зоне, дзе недалёка знаходзіцца і абласны шпіталь, і зона адпачынку берасцейцаў», – тлумачыць Рыгор Цярэнцьеў, старшыня экалагічнай арганізацыі «Час зямлі».

Аднак не толькі адпачынак, але і ўвогуле спакойнае штодзённае жыццё з будаўніцтвам заводу ў хуткім часе можа быць перакрэсленае, лічаць мясцовыя.

«Раптам нейкая памылка – усё будзе забруджана. І што мне тады – мяняць горад, мяняць краіну праз чыйсці промах?», – абураецца жыхар прадмесця Стымава.

Чыноўнікі лічаць па-іншаму

Маўляў, экалагічная сітуацыя на самім аб’екце і прылеглых жылых тэрыторыях будзе адпавядаць санітарна-гігіенічным нарматывам. Але самае галоўнае – гэта тое, што новая вытворчасць дасць ажно 188 новых працоўных месцаў на 350-тысячны абласны цэнтр.

Апроч гэтага, чыноўнікі даюць і іншыя тлумачэнні.

«Пабудаваць такога кшталту вытворчасць на адлегласці 10 км і цягнуць туды ўсе камунікацыі і сеці, то завод гэты не будзе столькі каштаваць, колькі каштуе падвесці гэтыя ўсе камунікацыі, каб яго пабудаваць», – даводзіць дырэктар заводу Сяргей Мельніковіч.

Аднак завод акумулятараў – не адзіны, які кампанія Віктара Лемяшэўскага плануе пабудаваць на гэтым месцы. У перспектыве ў «iPower» ёсць планы ва ўзвядзенні вытворчасці цягавых і індустрыяльных батарэяў для падлогавага транспарту і крыніцаў бесперабойнага харчавання. А таму перад мясцовымі жыхарамі, найхутчэй, будзе стаяць яшчэ не адзін год барацьбы за сваю будучыню.

Віталь Бабін, «Белсат»