Берасцейскае «Дынама» не здолела аформіць чэмпіёнства датэрмінова


Гульцы «Дынама» (Берасце) пасля матчу з Іслаччу 10 лістапада. Фота – «Белсат»

Футбалісты з гораду над Бугам сёння маглі датэрмінова заваяваць залатыя медалі Найвышэйшай лігі і ўпершыню за шмат гадоў пасунуць з айчыннага футбольнага трона барысаўскі БАТЭ. Але не атрымалася – барысаўцы перамаглі «Віцебск», а берасцейцы страцілі пункты ў двубоі з «Іслаччу».

Стадыён на сталічнай вуліцы Маякоўскага сёння на пару гадзін ператварыўся на куточак Берасця. Фанаты з захаду краіны стварылі на матчы з «Іслаччу» неверагодную атмасферу.

У выпадку перамогі берасцейскі клуб станавіўся б у табліцы недасяжным для БАТЭ. Такім чынам, футбольны чэмпіён у нашай краіне змяніўся б упершыню з далёкага 2006 года.

«Мы былі маладыя. Я тады толькі скончыў школу. Я вось узгадаў з таго часу «Фабрыку зорак». Інтэрнэт тады быў не ва ўсіх», – узгадвае 2006 год блогер #Футболь.

«У 2006-м годзе я толькі школу скончыў. Паступіў ў чыгуначны коледж. Пару гадоў таму не было фінансаў у клубе. Цяпер у Берасці вялікі футбольны бум. Усе перажываюць, заўзеюць, ходзяць на футбол з сем’ямі», – распавядае заўзятар клубу.

«Я не супраць БАТЭ. Але я люблю змены ў жыцці. Таму калі пераможа »Дынама«, будзе добра і цікава», – кажа іншы наведнік матчу.

Рэпартаж Дзяніса Ганчарэнкі глядзіце ў поўным выданні навінаў за 10 лістапада

Гол галоўнай зоркі берасцейцаў Арцёма Мілеўскага, здавалася, паклаў пачатак трыумфальнаму вечару гасцей. Але чаканні дынамаўцаў не супалі з рэчаіснасцю. Нічыя 1: 1 не дазволіла берасцейцам аформіць чэмпіёнства ў сталіцы. Дарэчы, ніхто з гульцоў »Дынама« не стаў размаўляць з прэсай. А тым, хто пра негалосную забарону забываў, пра яе хутка нагадвалі партнёры.

«Гэта не той вынік, які мы хацелі. Але і адзін пункт трэба забіраць», – сказаў пасля матчу галоўны трэнер берасцейцаў Марцэл Лічка.

Наступную спробу аформіць чэмпіёнства берасцейцы зробяць на сваім хатнім стадыёне праз два тыдні. Супернікам будзе «Віцебск».

Дзяніс Ганчарэнка, «Белсат»