Берасцейцы не маюць магчымасці глядзець лепшая сусветнае кіно на вялікім экране ў кінатэатрах гораду, яго проста не паказваюць.
Гэтак, толькі за апошнія некалькі месяцаў у мясцовых кінатэатрах не паказалі пераможцу сёлетняга Оскара – «Паразітаў», а таксама антываенную трагікамедыю «Трусіка Джоджо». Апошняй кропляй стала адмова мясцовых кінапракатчыкаў паказаць апошні фільм брытанскага рэжысёра Гая Рытчы – «Джэнтльмены».
«Пытанні былі ўжо даўно. Пытанні былі пасля таго, як у пракаце не паказалі фільм «Лютасць» і вядомы фільм «На меркаванне сумлення». Людзі пакрыху сталі пісаць у «Інстаграме» і «УКантакце», але адказу не атрымлівалі. І так супала, што вельмі шмат людзей сабралася разам з адным і тым жа пытаннем, і мы вырашылі наўпрост звярнуцца да аблпракату і даведацца, чаму«, – распавяла Вольга Барысюк, аматарка кіно.
Цяпер берасцейцы пішуць звароты да кінапракатчыкаў праз сацыяльныя сеткі, а таксама яны накіравалі афіцыйны зварот, на які адказу пакуль не атрымалі. Галоўная іх мэта – быць пачутымі.
«Мы хочам, каб з намі сустрэліся, каб нам нейкім чынам адказалі, каб спыталі: а чаго вы хочаце? Пакажыце – можа ёсць якія недахопы, што мы можам выправіць разам?» – пытае Вольга.
А пакуль у сацыяльных сетках пачаўся флэш-моб пад пад гэштэгам Верникино, да яго далучыліся дзясяткі берасцейцаў.
«Я думаю, што шмат якія берасцейцы хочуць глядзець сусветнае якаснае кіно на вялікім экране ў кінатэатры, а не шукаць дрэнную пірацкую версію ў інтэрнэце альбо скачваць праз торэнты. Вось таму мы хочам, каб у Берасце вярнулі сусветнае кіно», – кажа кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі.
У бліжэйшыя выходныя ў берасцейскім пракаце расейскія фільмы складаюць амаль палову. Як лічаць адмыслоўцы заканадаўства ў Беларусі таму, што маленькім залам проста не выгадна займацца паказам фільмаў.
«Незалежныя маленькія культурніцкія пляцоўкі пастаўленыя ў такія ўмовы, што мы не можам паказваць і самі глядзець якаснага артгаўснага разумнага кіно, таму мы просім, каб вялікія пляцоўкі, якія могуць гэта сабе дазволіць, паказвалі і прывозілі сусветныя прэмʼеры, які задавальнялі б густ разумнай і адукаванай аўдыторыі», – распавяла Святлана Гайдалёнак з прасторы «Крылы Халопа».
Мы звярнуліся ў «Берасцеаблкінавідэапракат», каб даведацца, чаму склалася такая сітуацыя.
— Мне сказалі не пускаць вас.
— А хто сказаў?
— Няважна, паступіла такая інфармацыя, што вы, як арганізацыя карэспандэнтаў, не акрэдытаваныя.
Пакуль дзяржаўная арганізацыя не вядзе дыялогу з журналістамі ды кінааматарамі. Апошнім пакуль застаецца шукаць фільмы ў інтэрнэце, ехаць на прэм’еры ў іншыя гарады – альбо больш настойліва змагацца за свае правы.
Алесь Ляўчук, «Белсат»