Бензін у Беларусі даражэе нават калі таннее нафта


У ноч на чацвер кошты ўсіх тыпаў паліва на беларускіх запраўках павялічыліся ў сярэднім – на 1,5 %. І гэта пры тым, што ад пачатку месяца нафта на сусветных рынках на 6 % патаннела.

Логіка ўтварэння коштаў на бензін у Беларусі – вельмі простая і залежыць ад коштаў на нафту. Калі нафта даражэе – кошты на бензін прыходзіцца павышаць, каб кампенсаваць дадатковыя выдаткі нафтаперапрацоўчых заводаў на імпарце. Калі ж нафта таннее… то кошты на бензін усё роўна прыходзіцца падымаць – каб кампенсаваць падзенне прыбыткаў НПЗ на экспарце. Гэтак кіраўніцтва Белнафтахіму тлумачыла ў розныя перыяды ўздаражэнне аўтамабільнага паліва.

У ноч на чацвер паліва падаражэла, на 2 капейкі. За апошнія 12 месяцаў гэта – ужо восьмы раз. Агулам за гэты час 92-гі бензін здаражэў на 8 %. Некаторыя аўтааматары, у сацыяльных сетках заклікалі адказаць на гэтае ўздаражэнне байкотам заправак дзяржаўнай Беларуснафты.

Белнафтахім заяўляе, што кошты паліва ў Беларусі па-ранейшаму найтаннейшыя ў Еўропе. Нават у Смаленску яно каштуе танней, чым у Менску, прыкладна на 10 %.

Цікава, што, расейскім кампаніям, усё роўна, выгодней прадаваць свой бензін у Беларусь, чым на ўласным рынку. Летась пастаўкі расейскага паліва ў нашую краіну павялічыліся ўдвая і склалі амаль 3 млн тон.

У выніку, атрымліваецца, што ўнутраны беларускі рынак забяспечваецца, больш, чым напалову, расейскім палівам, якое тут прадаецца танней – дзякуючы меншым акцызам. А беларускія нафтапрадукты ідуць на экспарт, папаўняючы дзяржаўную скарбонку. Пры гэтым, летась расейская нафтавая субсідыя для Беларусі істотна павялічылася.

«Цяпер мы спекулюем ня толькі з нафтапрадуктамі з расейскай нафты, але і самой расейскай нафтай», – кажа старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Адмыслоўцы адзначаюць – нягледзячы на павелічэнне нафтавых прыбыткаў і, магчымасць, так бы мовіць, халяўнага імпарту танных расейскіх нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак, для звычайных беларусаў, на думку адмыслоўцаў, кошт паліва будзе і надалей даражэць. Сёлета ўрад плануе павялічыць акцызы на 10 % – частку гэтага могуць перакласці на плечы спажыўцоў. Між тым, калі сярэднестатыстычны паляк, на свой сярэднямесячны заробак можа набыць 900 літраў бензіну, то беларус – толькі 700 (то бок, на 20 % менш).

Станіслаў Івашкевіч