Белстат: заробкі беларусаў растуць!


За першыя тры месяцы сёлета грашовыя даходы беларусаў выраслі на амаль 7 з паловаю адсоткаў, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.

Адметна, што 64 % ад гэтага росту – гэта аплата працы, прасцей кажучы, заробкі. Яшчэ 23 % ад росту – гэта шматлікія сацыяльныя выплаты: пенсіі, стыпендыі, адрасная дапамога. За гэты ж самы перыяд у адной толькі сталіцы, дзе жыве кожны пяты грамадзянін краіны, чысты прыбытак прадпрыемстваў скараціўся амаль напалову. Прыбытковасць падае, заробкі растуць. Казус, дый толькі!

«Статыстыка Белстату не раз давала прычыны сумнявацца ў ёй, але тое, што заробкі ўсё ж растуць – гэта факт. Напрыклад, на МАЗе, у параўнанні з мінулым годам, заробкі выраслі на чвэрць. І хутчэй за ўсё, такая ж сітуацыя і на астатніх флагманах беларускае прамысловасці», – зазначае эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Але ў той жа самы час Нацыянальны банк б’е ў званы: памер праблемных актываў дзяржпрадпрыемстваў дасягнуў трох мільярдаў двухсот мільёнаў рублёў, што пагражае фінансавай стабільнасці ў краіне. За апошні год гэты паказнік вырас з 18-ці да 22-ці з паловаю адсоткаў ад агульнага абʼёму запазычанасці. Замест таго, каб расплачвацца за крэдыты, прадпрыемствы выплачваюць большыя заробкі.

«Асноўны цяжар на прадпрыемствах – пазыкі мінулых гадоў. Але нават калі іх гіпатэтычна цяпер дараваць, і пачаць усё з новага аркуша, то праблемы паўторацца праз год-два. Калі трэба будзе зноў абнаўляць абсталяванне – задзелу на гэта няма, шматлікія прадпрыемствы не налічваюць амартызацыі. А таму яны зноў паўстануць перад выбарам: або спыніцца, або зноў залазіць у пазыкі», – мяркуе Івашкевіч.

А таму, як бы прыемна ні было падцягваць заробкі пад загад кіраўніка краіны аб жаданых усім «папяццот», заўсёды ёсць і другі бок медаля. Зноў і зноў круціцца ў замкнёным коле дзяржаўнага падтрымання.