Белстат пра здароўе беларусаў: кожны чацвёрты мае лішнюю вагу


Па апошніх дадзеных Белстату кожны чацвёрты жыхар краіны мае лішнюю вагу. За апошнія тры гады на траціну вырасла колькасць людзей, што церпяць ад расстройства страваварэння і парушэння абмену рэчываў. Імкліва расце колькасць сур’ёзных захворванняў. Чаму мы менш дбаем пра сябе, і ці можна нешта змяніць?

Афіцыйная статыстыка падлічыла, што беларусы найбольш пакутуюць на хваробы сэрца і сістэмы кровазвароту. Прыкладна кожны другі беларус памірае менавіта з гэтых прычынаў. Часцяком праблема ў лішняй вазе, бо, як кажа Белстат, ад звышвагі пакутуе кожны чацвёрты беларус, старэйшы за 16 гадоў.

Эндакрынолаг Менскага эндакрыналагічнага дыспансера Вольга Аўчыннікава адзначае, што сёння сачыць за сваймі гастранамічнымі звычкамі ўсё складаней:

«Калорыі вельмі лёгка дасяжныя. Ці маглі мы гадоў 10 таму замовіць піццу а другой гадзіне ночы і есці яе каля экрану тэлевізара? Вядома, мае ролю і спадкаемнасць, але яшчэ і асяроддзе, і зніжэнне фізічнай актыўнасці».

Нават калі спакуса нездаровае ежы мацнейшая за нас, не ўсё страчана. Белстат кажа, што з тых, хто ўжо займаецца спортам, кожны чацвёрты робіць гэта штодня або амаль кожны дзень. І яшчэ больш за траціну згадваюць пра здаровае цела прынамсі двойчы на тыдзень.

Аднак мінакі ў Менску больш спадзяюцца на спакойныя нервы і гены:

«Я здаровая таму, што я проста спакойны чалавек».

«Я не маю формы, таму і не падтрымліваю яе».

«Я люблю гуляць па гораду, шмат шпацырую. Намагаюся хоць так сябе падтрымліваць».

«Гуляў у футбол, сексам займаўся – таксама добра дапамагае трымаць форму».

У насельніцтва краіны, відаць, спорт не дужа папулярны. Сухія лічбы Белстату бязлітасна канстатуюць, што цікаўнасць да заняткаў спортам зніжаецца з узростам, і амаль прапарцыйна расце лішняя маса цела.

На ўзрост 60 гадоў прыпадае максімальнае атлусценне і мінімальная актыўнасць. Паводле Белстату самы спартовы горад – Менск, дзе актыўна бавяць час 40 % жыхароў. У абласных гарадах на прабежку ці пазаймацца іншым відам спорту выходзіць толькі кожны чацвёрты ці кожны пяты чалавек.

Яно і зразумела: у сталіцы створаныя найлепшыя ўмовы для заняткаў спортам. Тут амаль 4 тысячы стадыёнаў, манежаў, пляцовак і коўзанак. Куды горай справа на Гомельшчыне: на ўсю вобласць няма і дзвюх тысяч спартовых аб’ектаў. Аднак для таго ж бегу на аматарскім узроўні дастаткова пары красовак.

Музыка і фітнэс-трэнер Павел Аракелян перакананы, што галоўнае – не здавацца:

«Здаецца, зноў гэтыя гантэлі, штангі, не магу іх больш цягаць. Але гэта дае адчуванне моцы. Хай сабе крызіс – гэта 15 адсоткаў, але 85 – гэта добры настрой, адчуванне моцы і нейкая перамога над сабой».

Нават калі вы максімальна заняты чалавек, пастарайцеся знайсці за тыдзень 2–3 гадзіны на шпацыр. Хада з хуткасцю 5 кіламетраў за гадзіну лічыцца ўмеранай актыўнасцю і зніжае рызыку хваробаў на 20 адсоткаў для сярэдняга ўзросту і на 45 для людзей, старэйшых за 60 гадоў. Таксама Сусветная арганізацыя здароўя раіць есці больш садавіны ды адмовіцца ад солі.

Марыя Грыц, belsat.eu