«Белсату» – 12 гадоў. Місія застаецца нязменнаю!


Сімвалічна, у Дзень правоў чалавека, нарадзіўся таксама наш тэлеканал. Сёння «Белсату» 12 гадоў, і з намі – амаль 1 000 000 сталых гледачоў! Сёлетні эфір быў багаты на адмысловыя трансляцыі: з Ватыкану, Віфлеему і з Вільні. А два Youtube-каналы «Белсату» атрымалі «Срэбныя кнопкі» за 100 тысяч падпісантаў!

«Беларускамоўны» – праведзеная «Белсатам» грамадская кампанія, якая падкрэсліла місійнасць каналу: падчас «Перапісу насельніцтва-2019» заахвочвалі пазначаць беларускую мову роднай.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Акцэнт на беларускасць, годнасць, гісторыю, правы чалавека і свабодная нецэнзураваная інфармацыя спадарожнічаюць нам ад самага пачатку. «Глядзім і чытаем «Белсат», бо падае праўдзівую інфармацыю», – кажуць адныя, іншыя падтрымліваюць праўду з дзяржаўных медыяў. Аб гэтым сведчаць сённяшнія меркаванні жыхароў Віцебску.

Толькі на «Белсаце» – расследаванні карупцыі ў кожнай галіне. З гумарам пра балючае – у праграмах «Вечаровы шпіль», «Эксперт», «Суб’ектыў» ды «Хай так». «Вяскоўцы», «Кожны з нас», «Belsat Music Live» і, безумоўна, лакаматыў тэлеканалу – інфармацыйна-публіцыстычныя перадачы на чале з галоўным выданнем дня «Абʼектывам».

«Мы правялі два спецвыданні на Каляды – каталіцкія і праваслаўныя – з Ватыкану і Віфлеему. Важна таксама, што намаганнямі рэдакцыі інфармацыі рабілася трансляцыя з перапахавання паўстанцаў Кастуся Каліноўскага», – распавядае Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара «Белсату».

Прысутнасць на найбольш цікавых грамадству падзеях, як перапахаванне паўстанцаў 1863-га года, стрымы і аналітычныя матэрыялы з выбарчай кампаніі. Нашая камера сачыла за змаганнем жыхароў супраць шкодных вытворчасцяў у розных гарадах Беларусі.

Дзякуючы гэтаму, упершыню ў гісторыі беларускамоўны канал «БЕЛСАТ.NEWS» здабыў «Срэбную кнопку» Youtube, а крыху пазней – разлічаны на расейскамоўнага гледача канал «ВОТ ТАК».

Аўдыторыя Белсату ў сацыяльных сетках перакрочыла паўмільёна асобаў. Акаўнты вядзем на ангельскай, беларускай, польскай, расейскай і ўкраінскай мовах, гэтаксама як старонку ў сеціве. Колькасць унікальных карыстальнікаў belsat.eu перакрочыла мільён на месяц!

Вольга Швед, менеджар у развіцці інтэрактыўных медыяў, тлумачыць:

«Мы вельмі доўга працавалі над тым, каб выпусціць новую версію старонкі, якая будзе значна больш зручная для карыстальнікаў, і будзе дапасаваная да мабільных прыладаў, з якіх перадусім людзі нас чытаюць».

Днямі запусцім функцыянал Smart TV2, якім цяпер карыстаюцца 8 % аўдыторыі, 19 % глядзяць праграмы праз спадарожнік, 40 % праз мабільныя прылады і 55 % – з кампʼютараў. Галоўная задача – павялічваць колькасць гледачоў, нягледзячы на адсутнасць акрэдытацыі ў Беларусі, кажа дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы:

«З пункту гледжання спосабаў вяшчання, тэхналогіяў і тэхнікі, колькасці супрацоўнікаў і якасці – «Белсат» вельмі змяніўся. Але місія застаецца нязменнаю!»

А гэта незалежная інфармацыя для беларусаў і не толькі, платформа для свабоднага выказвання і абмену меркаваннямі на роднай мове.

Юлія Цяльпук belsat.eu