«Белсат» шукаў эканамічны рай у Гомлі


«Адкрытае акцыянернае таварыства «Гомельторгмаш» адное з прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь, якое стабільна працуе», – з гонарам заяўляе афіцыйны сайт фірмы. Але ад пачатку траўня завод працуе ў рэжыме няпоўнага працоўнага дня: ад 9 да 16 гадзіны.

«У дадзены момант ва ўсіх прадпрыемстваў »не вельмі« сітуацыя, але ў нас так будзе толькі да ліпеня, на дадзены момант», – кажа намеснік дырэктара ААТ «Гомельторгмаш».

З юрыдычнага пункту гледжання праблемы ў такіх захадах няма.

«Наймальнік мае права ў сувязі з абгрунтаванымі эканамічнымі прычынамі перавесці працоўных на няпоўны працоўны дзень», – тлумачыць інспектар прафсаюзу РЭП у Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

Намеснік дырэктара «Гомельторгмашу» дадае, што заробкі рабочых пры такім рэжыме працы вырастуць.

«У нас павелічэнне [заробку. – ІК], бо ўсе ў нас здзельшчыкі. Цяпер ізноў пачынаюць ісці замовы, мы завязаныя на бюджэт. Бюджэт [дзейнасць. – ІК] арганізацыі аплочвае. Грошыкі ідуць», – кажа намеснік дырэктара «Гомельторгмашу» Аляксандр Калужнікаў.

Усяго на «Гомельторгмашы» працуе 122 асобы. Тыя, з кім нам удалося паразмаўляць сітуацыю апісваюць не так, як дырэктар.

Працаўнікі прадпрыемства:

«Менш замоваў, таму і працы няма, адпаведна працуем менш».

«Пакуль заробак не атрымлівалі, але гэта ж традыцыя, менш працы, менш грошай».

«Так нас скарацілі на 6,5 гадзінаў. Не хапае ў дзяржавы на нас грошай. Заробак 200 рублёў, 180… Цяпер увогуле такая сітуацыя цяжкая. Што рабіць? Будзем змагацца. Але мы надалей верым у лепшае і добрае».

Гомельскія гарадскія ўлады кажуць, што сітуацыя ў горадзе паляпшаецца. Летась назіраўся ўзрост экспарту тавараў і паслугаў на 20 %, а сёлета гэты экспарт апераджае леташнюю статыстыку на 18 %. У горадзе рэалізуюцца 15 буйных інвестыцыйных праектаў, якія створаць амаль 2000 працоўных месцаў. Але гэта толькі лічбы, настроі самых гамельчукоў не такія вясёлкавыя.

Жыхары Гомля:

«Працы мала, няма прадпрыемстваў усе пазакрываліся. Бярыце »Карал« зачынены, РТО зачынены, станкабудаўнічы зачынены, ЗІП зачынены, «Эмальпосуд» зачынены, Сударэмонтны зачынены, порт не працуе. Дзе працаваць? Адныя крамы засталіся ды ўсё», – кажа гамяльчук.

«Моладзі не даюць зарабляць. Перспектываў і штуршкоў у Беларусі для моладзі вельмі мала».

«Развівацца тут вельмі складана. Усе адсюль бягуць. Нават у медыцыне кажуць, калі ёсць хоць нейкая магчымасць бяжыце працаваць за мяжу».

«Я сам на заробках быў, проста зараз няма магчымасці туды паехаць. Лепш там працаваць, чымся тут месяц «укалываць» і атрымаць гэтых няшчасных 300-400 рублёў».

У 2016 годзе, па ўсёй краіне, з вымушанай няпоўнай занятасцю сустрэліся 250 тысячаў беларусаў. Летась гэтая лічба скарацілася напалову, да 134-х тысячаў працаўнікоў. Чыноўнікі цвердзяць, што агулам сітуацыя ідзе на папраўку, але ці лягчэй ад гэтага тысячам нашых суайчыннікаў, якія ўсцяж сустракаюцца з гэтай праблемай?

Ігар Кулей, «Белсат»