«Белсат» рэкламуе БТ?


«Бандыты, якія паляць аўты і нападаюць з заточкамі»…

Такую рэкламу пабачылі нашыя гледачы, калі захацелі паглядзець выданне праграмы «Давайце разбірацца». А гэткая нечаканасць была перад выданнем «Аб’ектыву» ад 17 кастрычніка. Толькі лагатып студыі і вядоўца з «Беларусь 1».

«На вашым Youtube-канале ідзе рэклама БТ пра сілавыя структуры з рэпартажамі ад чыноўнікаў з ужываннем агнястрэльнай зброі. Навошта гэтая рэклама перад кожным вашым ролікам? Ці гэта фэйк, ці прыбярыце», – пішуць нашыя гледачы.

Практыку рэкламавацца на нашых праграмах БТ вядзе ўжо некалькі месяцаў. І, з нашых назіранняў, вельмі падобна з таго часу, калі на беларускае тэлебачанне запрасілі адмыслоўцаў з «Russia Today», якія замянілі журналістаў, што звольніліся на знак пратэсту пасля выбараў.

«Вельмі дрэнна, калі яны шукаюць свайго гледача ў нас, але можна толькі сказаць дзякуй ім за тое, што сваёй рэкламай і манетызацыяй на нашым канале яны выплачваюць штрафы і тэхніку для нашых журналістаў», – кажа Глеб Хамутоў, рэдактар youtube-каналу «Белсату».

Рэкламу Белтэлерадыёкампанія набывае і на роліках папулярных замежных блогераў, якія абмяркоўваюць тэму пратэстаў у нашай краіне.

«БТ і і ОНТ – яны таргетуюцца на мяне ў «YouTube», і рэкламныя паўзы, і размяшчэнні ставяць свае праграмы. Я так разумею, што беларускае ТБ настолькі ніхто не глядзіць, і яны для таго, каб іх нехта глядзеў, – яны ў мяне ставяць рэкламу!» – кажа палітычны блогер Максім Кац.

Максім таксама спрабаваў унутры-ютʼюбнымі інструментамі заблакаваць БТ, але не ўдалося, яны абыходзяць захады і рэкламуюцца на іншых роліках блогера. Аўтары ж «Белсату» ставяцца да такой рэкламы хутчэй іранічна.

«Гэта ўнікальная сітуацыя, калі беларускаму гледачу можна адразу мець два прыклады. Два варыянты параўнання. То бок як можна беларусу рабіць тое, што глядзіцца з задавальненнем і цікавасцю, і тое, што ў прынцыпе глядзець цяжка. З аднаго боку хлусня і тое, што льецца ў вушы. А з другога боку якасны кантэнт. Аднымі і тымі ручкамі беларускімі можна рабіць дзве супрацьлеглыя рэчы». – Усевалад Сцебурака, аўтар і стваральнік «Хай-Так ТВ».

Пакуль жа рукамі і намаганнямі нашых бясстрашных журналістаў мы пастаянна ў трэндах беларускага «YouTube». Так, апошні нядзельны стрым мае больш за паўмільёна праглядаў толькі за содні – і такія перамогі ў нашай каманды штотыдзень!

Кірыл Смяглікаў belsat.eu