«Белсат News» займеў больш за 300 тысяч падпісчыкаў


Абʼектыўная інфармацыя на роднай мове. На самым папулярным сярод беларускамоўных каналаў YouTube – «Белсат News» – няспынна расце колькасць падпісчыкаў. Цяпер іх трыста тры тысячы!

«Як нам давялося дасягнуць такіх менавіта лічбаў? Перадусім сакрэт у тым, што гэта непрадузятая журналістыка. Гэта сапраўдная журналістыка, без цэнзуры і без абмежаванняў», – кажа кіраўнік рэдакцыі інфармацыі «Белсату» Зміцер Ягораў.

Першую адзнаку YouTube – срэбны гузік – мы атрымалі летась у траўні. Праз год колькасць падпісчыкаў вырасла ўдвая. А за апошнія тры месяцы колькасць падпісчыкаў павялічылася да трохсот тысяч.

«Цяпер у выбарчы перыяд грамадства вельмі моцна палітызавалася. Тыя, хто ніколі не цікавіўся палітыкай, ніколі не цікавіўся тым, што адбываецца, і ўвогуле не глядзеў, я думаю, навіны, цяпер актыўна ўсё абмяркоўваюць і глядзяць, таму, я думаю, гэта натуральным чынам такі прырост адбываецца», – распавяла ўпаўнаважаная ў развіцці інтэрактыўных медыяў Вольга Швед.

Цяпер у выбарчы перыяд высокі попыт на альтэрнатыўную інфармацыю. Актуальныя навіны заўжды з вамі – у смартфоне ці на планшэце, – YouTube паведамляе сваім падпісчыкам аб пачатку стрымаў з месца падзеяў. Апошнія ж выданні праграмаў – аператыўна зʼяўляюцца ў стужцы.

«Хочацца, вядома, праўды. Асабліва, калі ты ўдзельнічаеш у гэтай праўдзе, а заўтра глядзіш дзяржканалы, а там зусім усё па-іншаму, цудоўна, – то, вядома, не. Мы абіраем «Белсат», – кажа глядачка «Белсат» Марына Храмцова.

«Мне вельмі падабаюцца журналісты. Не тое што падабаюцца, я ў захапленні ад іх шляхетнасці, інтэлігентнасці, і адначасова – яны простыя, добрыя», – кажа глядачка «Белсату» Валянціна Жылкіна.

«Я вам адкажу, што ўсе мае сябры, усе знаёмыя, глядзяць «Белсат». Можа, не так часта, як я, бо ў мяне наагул дзень пачынаецца з «Белсату» перад працай заўжды пад кубак кавы або гарбаты, заўжды «Белсат», і з добрым настроем на працу», – распавёў глядач «Белсату» Максім Сяргеенка.

Далучайцеся да нас на YouTube – і будзьце ў курсе апошніх навінаў у Беларусі. А мы працягваем працаваць для вас!

Юлія Лабанава, «Белсат»