Белсат не знайшоў тых, каму патрэбны новы закон аб СМІ


Эксперты называюць папраўкі ў новы закон аб СМІ драконаўскімі, чыноўнікі ж тлумачаць іх клопатам аб грамадзянах. Чыноўнікі ў Беларусі не маюць сумневаў: новы закон аб медыях свабодзе слова не пагражае і нават патрэбны.

«Грамадзяне нашае краіны, апынуўшыся ў ролі паддоследных трусоў, выказваюць сваю ацэнку, уносяць свае прапановы, патрабуюць абмежаваць доступ, закрыць той ці іншы рэсурс», – заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

Асноўныя змены маюць датычыць працы інтэрнэт-выданняў: прадугледжваюць абавязковую аўтарызацыю каментароў, каб аўтараў ведалі па пашпарце, добраахвотную дзяржаўную рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў, якія будуць дзеяць на роўных з іншымі медыямі і гэтак жа адказваць за інфармацыю ў прававым сэнсе.

Але пры нежаданні нібы дабравольна рэгістравацца прафесійнае жыццё журналіста і выдання ўскладніцца.

«Яны не будуць мець правоў журналіста ні для акрэдытацыі, хаця на сённяшні момант некаторыя інтэрнэт-выданні атрымліваюць акрэдытацыю, і таксама будуць менш абароненыя падчас нейкіх вулічных акцыяў», – кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Хаця жаданне мець акрэдытацыю яшчэ не азначае, што ўлады яе дадуць.

«У законе хочуць прапісаць, што медыі павінныя быць рэзідэнтам РБ, то бок уладальнік таксама, фінансаванне не больш за 20 % з-за мяжы. А што будзе з «Белсатам» з амерыканскай «Свабодай» і іншымі СМІ, якія атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы. Можа, ужо час назваць замежных агентаў агентамі?», – пытаўся ў эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» Генадзь Давыдзька, старшыня грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

Дзяржаўныя прапагандысты могуць незалежных журналістаў называць агентамі і як заўгодна. Толькі вось інфармацыю абірае глядач і чытач, нягледзячы на забароны і абмежаванні.

Гэтак, сёлета ў сакавіку старонка нашага тэлеканалу мела больш за два мільёны трыста тысячаў наведванняў, а «Белтэлерадыёкампаніі» – не дацягвала і да двух мільёнаў, тое ж – з СТВ, а АНТ, на якім вяшчае спадар Давыдзька, – толькі 650 тысячаў праглядаў.

І гэта пры тым, што наш тэлеканал працуе без акрэдытацыі ды пад няспынным пераследам. Цяпер дадасца і новы закон.

«Быў дадзены загад – гэта распрацоўвалася. І вось, нарэшце, бюракратыя дала пэўны вынік. Навошта ставілі загад? Хутчэй за ўсё, у тых умовах, калі ставілі загад, чагосьці баяліся», – лічыць Паўлюк Быкоўскі.

Улады кажуць, што баяцца непраўдзівай інфармацыі. Але чамусьці незалежным журналістам, якія кажуць праўду, дастаецца найбольш.

Пад пробную касу ўлады кінулі партал «Хартыя’97», які заблакавалі напрыканцы студзеня ў Беларусі. Журналісты нашага тэлеканалу – лідары ў колькасці штрафаў. Ужо заўтра ажно чатыры суды над нашымі калегамі. І гаворка зусім не пра хваляванне аб праўдзівай інфармацыі, а, хутчэй, пра тое, каб яна не трапіла да гледача.

Сяргей Падсасонны