Белсат можа чакаць мадэрнізацыя ў выглядзе пераўтварэння ў інтэрнэт-старонку


Што за «мадэрнізацыя» чакае «Белсат»?

Акцыя пад адміністрацыяй кіраўніка Беларусі, тысячы подпісаў пад петыцыяй да прэзідэнта Польшчы і адкрыты зварот да прэмʼер-міністра Бэаты Шыдлы ад беларускіх інтэлектуалаў. І проста – безліч цёплых словаў «у падтрыманне нашага тэлеканалу. Тым не менш, небяспека калі не закрыцця, то істотнага абмежавання працы «Белсату» застаецца. Паводле апошніх планаў Міністэрства замежных справаў Польшчы, наш тэлеканал можа чакаць «мадэрнізацыя», у выглядзе ператварэння ў інтэрнэт-старонку ў межах планаванага тэлеканалу TVP «Замежжа».

«Тэлеканал – гэта куды больш, чымся сайт, куды больш, чымся газета і куды больш, чым радыё. Тым больш тэлеканал, які вядзецца на беларускай мове і самае галоўнае, што ён глядзіцца ў рэгіёнах, вёсках, малых гарадах. Таму закрываць тое, што 9 год паспяхова працавала і развівалася ўва ўмовах, калі беларусы ня могуць выбіраць і не маюць альтэрнатывы, я лічу вельмі неасэнсаваным», – даводзіць Эдуард Пальчыс, былы палітвязень і стваральнік сайту 1863x.com.

Гарадзенцы перадалі подпісы на падтрыманне «Белсату ў польскае консульства

Пагаджаюцца з вядомым блогерам і ў Горадні, дзе ўсяго за адзін дзень грамадскія актывісты сабралі некалькі соцень подпісаў для падтрымання «Белсату». Іх перадалі ў мясцовае польскае консульства – маўляў, подпісы рэальныя – лепш за падтрыманне ў сеціве.

«Мы супыняцца на гэтым не будзем – павінен быць ціск, нашыя просьбы павінныя дайсці да польскага ўраду, да партыі Права і Справядлівасць. Тое мае адбывацца на ўсіх узроўнях. Мы ж проста збяром подпісы і пакажам, што людзей насамрэч шмат», – зазначыў грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка.

Захаванне «Белсату» – у інтарэсах самой Польшчы

«Трэба пераканаць, што нам гэты тэлеканал вельмі неабходны і гэта ёсць традыцыя падтрымання з польскага боку, якая ішла ўсе гады і вельмі важна гэта рабіць дзеля будучыні беларусаў, дзеля добрасуседства і для палякаў таксама, бо польская бяспека залежыць у значнай ступені ад Беларусі», – кажа палітык Аляксандр Мілінкевіч.

Бо калі не наш тэлеканал, то беларускаму гледачу застанецца на выбар процьма расейскіх тэлеканалаў з непрыхаванай прапагандай гэтак званага «русского мира». Зʼява, супраць якой асцярожна выступае нават афіцыйны Менск.

Місія «Белсату» заўсёды ішла далей за звычайныя медыі

«Белсат, для Беларусі – гэта ня проста нейкі адзін з тэлевізійных каналаў – гэта нацыётворчая інстытуцыя, якая паказвае, што па-беларуску можна гаварыць пра ўсё. І пра тэатр і пра навіны і пра высокадухоўныя рэчы. Нельга пераацаніць гэта», – гісторык Аляксандр Краўцэвіч.

Інфармацыя пра істотнае скарачэнне фінансавання «Белсату» зʼявілася тыдзень таму. Міністэрства замежных справаў нібыта мелася зменшыць бюджэт больш як на дзве траціны і перавесці тэлеканал на расейскую мову. Ужо ў панядзелак апублікавалі ўдакладненне, згодна з якім «Белсат» мае стаць часткаю тэлеканалу Палонія. Канчатковае ж рашэнне – якое б яно не было, – дагэтуль не прынятае.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»