Аб'ектыў 29.05.2018 «Белсат» душаць штрафамі


Ціск на нашых калегаў за супрацу з «Белсатам» працягваецца. Сёлета пераслед незалежных журналістаў у параўнанні з мінулым годам толькі ўзмацніўся. Сума штрафаў сягнула $ 20 000.

Суддзя Таццяна Касцюк з Ленінскага суда Магілёва пакарала журналістаў Аліну Скрабунову і Яўгена Глушкова штрафам амаль у Br 2000 на дваіх (Br 1 225 і Br 735 адпаведна). Падстава – матэрыялы пра давядзенне да самагубства і незаконнае высяленне, якія выйшлі на нашым тэлеканале.

«Як адабраць кватэру – гэта не злачынства. А агучыць гэтую праблему – злачынства. Як гэта так атрымліваецца?», – кажа гераіня сюжэту, прысутная ў судзе.

Паводле Аліны Скрабуновай, Таццяна Касцюк – суддзя, якая выконвае палітычныя загады.

«Гэта тэлефоннае права. Яна асудзіла мяне паўгода таму паводле артыкулу 22.9», – кажа журналістка.

Аліна Скрабунова заявіла адвод судзі ад справы. І атрымала адмову.

«Касцюк парушыла правы асобаў, супраць якіх вядзецца адміністратыўны працэс, на аб’ектыўнае, справядлівае судовае разбіральніцтва і на падачу хадайніцтва», – заяўляе праваабаронца Барыс Бухель.

У абвінавачанні журналістаў міліцыя спасылаецца на частку другую артыкулу «Парушэнне заканадаўства аб медыях» і абвінавачвае іх ва ўдзеле ў стварэнні прадукцыі медыяў. Што не адпавядае згаданаму артыкулу. І гэтае не адзіная нестыкоўка з беларускім заканадаўствам.

Афіцыйны прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак кажа, што журналісты каналу, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, займаюцца зборам і распаўсюдам інфармацыі.

«Гэта гарантавана Канстытуцыяй. Мы лічым, што мы нічога не парушаем. Нават калі паглядзець на артыкул 22.9 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях, то там бачна, што прыцягнуць да адказнасці можна толькі юрыдычную асобу», – заяўляе Мінчонак.

З пачатку года супраць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», ужо адбылося пяцьдзясят сем працэсаў. І абсалютная бальшыня скончылася штрафамі.

«Мы азнаёміліся з пратаколам справы, якая вядзецца супраць нас. Гэта справа, якую пачалі падчас «Чарнобыльскага шляху». Тады міліцыянты здымалі нас на камеру падчас нашай працы», – распавядае журналістка Таццяна Белашова.

Адміністратыўны працэс вядзецца паводле таго ж артыкулу – «Парушэнне заканадаўства аб медыях». На журналістаў Кацярыну Андрэеву і Сяргея Кавалёва, Таццяну Белашову і Віталя Дубіка, Вольгу Чайчыц і Андруся Козела свой працоўны дзень патраціў інспектар Дзмітрый Белы.

«Па-мойму, гэта проста марнаванне рэсурсу, марнаванне часу, які міліцыянты маглі на нешта лепшае выдаткаваць – на пошук сапраўдных злачынцаў, на нейкія правапарушэнні, якія сапраўды адбываюцца, а не на рэпрэсіі супраць журналістаў», – кажа журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.

Якія, што праўда, добра папаўняюць дзяржаўную скарбонку. Летась агульная сума штрафаў за супрацу з тэлеканалам дасягнула Br 52 693. Сёлета склала ўжо Br 41 883.

Лола Бурыева

Глядзі таксама
Каментары