«Белсат дапамог». Як спынілі знішчэнне Котаўкі


Котаўка параненая, але жыве: год таму менчукі ўратавалі ад знішчэння сквер у Сельгаспасёлку, тут гарадскія ўлады планавалі пабудаваць касцёл.

Эколагі з «Зялёнай сеткі» ды іншыя актывісты дзяжурылі па чарзе ўдзень і ўначы ды адбіваліся ад працаўнікоў «Зялёнбуду», якія ўжо пачалі зразаць дрэвы.

Пратэстоўцы заяўлялі: працы не маюць законных падставаў

Хаця дазвол на будаўніцтва Менгарвыканкам выдаў пасля грамадскага абмеркавання, канкрэтнай пляцоўкі, са словаў актывістаў, на сустрэчах не называлі. Калі аказалася, што для новага касцёлу давядзецца зрэзаць каля паўсотні дрэваў, жыхары сталі на абарону тэрыторыі. Паводле рэгламенту генеральнага плану і праекту дэталёвага планавання сталіцы, зялёная зона не можа забудоўвацца і знішчацца ў такіх маштабах. Разам з актывістамі дрэвы пільнавалі і журналісты.

«Белсат нам вельмі дапамог, ніхто больш не асвятляў так гэтыя падзеі. Надзея была на Белсат. Усе суседзі запытвалі, калі выйдзе наступны рэпартаж», – шчыруе грамадскі актывіст Віктар Барташэвіч.

Барацьба за сквер цягнулася паўгода

Яе кульмінацыя прыпала акурат на перадсвяточны час. Пад зваротам супраць забудовы падпісаліся паўтысячы чалавек.

Наступны рэпартаж, напэўна, выйдзе з таго месца, дзе выбухне грамадская праблема. Добрае развязанне для Котаўкі ўсё ж знайшлі: з дапамогаю медыяў справа набыла розгалас, і ў выніку касцёл пастанавілі пабудаваць на вуліцы Някрасава.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: greenbelarus.info