«Белсат» дапамог людзям, а журналістаў пакаралі


Больш як Br 1700 на дваіх. На такую суму аштрафаваў Андруся Козела і Вольгу Чайчыц чарговы суд.

«Нас судзяць за нашыя сюжэты, нас судзяць за тое, што прымушаем чыноўнікаў нешта рабіць, але сітуацыя ў краіне, хаця б на лакальным узроўні змяняецца», – аптымістычна кажа Воля.

Змены – адчувальныя

Сюжэт, за які суд Дзяржынскага раёну вырашыў пакараць журналістаў паказвае праблему рэальных людзей.;

Дом-блізнюк, пра які гаворка ў матэрыяле, не атрымаў рэгістрацыі – участак выдалі пад забудову аднаго дому, а ў выніку іх з’явілася 2, намінальна зʼяднаных металічнаю аркаю. І хоць дазвол на ўзвядзенне двух будынкаў даў Дзяржынскі райвыканкам, людзі, якія заплацілі за свае кватэры, цягам паўгода не маглі атрымаць ключоў.

Укладзеныя грошы, здавалася б, пайшлі на марна, а ліставанне з чыноўнікамі, якое вялося месяцамі, не давала вынікаў. Спыніць замкнёнае кола зваротаў і адпісак дапамог сюжэт Андруся Козела і Вольгі Чайчыц.

«Пасля сюжэту настолькі хутка ўсё адбылося, літаральна пару тыдняў, і ўжо пачалі выклікаць. А да гэтага некалькі месяцаў «мурыжылі» – нічога не адбывалася», – сведчыць жыхар праблемнага дому Павел Кастрыкін.

Здавалася б, людзі пасля доўгіх месяцаў роспачы атрымалі сваё жытло, чыноўнікі нарэшце выканалі свае абавязкі, усе павінны быць задаволены. Але ж не!

Улады зноў вырашылі адзначыцца

Суд пакараў журналістаў нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ.

«Мне вельмі радасна, што мы дапамаглі людзям. Людзі атрымалі свае кватэры, яны змаглі засяліцца туды. Дзеля такіх маленечкіх перамог варта нам далей зноў трапляць пад суд», – мяркуе Андрусь Козел.

Яшчэ адзін суд, верагодна, чакае Вольгу Чайчыц у Менску

Фрунзенскае РУУС склала на журналістку пратакол за асвятленне пратэсту людзей з парушэннямі зроку, якія выступаюць супраць ушчыльнення пляцоўкі на вуліцы Якубоўскага.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»