«Беллёгпрам» не спраўляецца з канкурэнцыяй і патрабуе абмежаваць імпарт сэканд-хэнду


«Беллёгпрам» устрывожаны – усё больш нашых людзей апранаецца ў нянашае, да таго ж недарагое і ношанае. Абмежаваць імпарт сэканд-хэнду патрабуе дырэктарка дзяржаўнага канцэрну Таццяна Лугіна.

Моладзь бярэ новаадкрыты сэканд-хэнд штурмам. Сцэна з Горадні год таму абляцела беларускі YouTube. Крамы патрыманай вопраткі па ўсёй краіне растуць як грыбы. Дзяржаўныя вытворцы гэтым устрывожаныя.

Таццяна Лугіна, дырэктарка «Беллёгпраму»:

«На якіх умовах яны ўваходзяць, якім абкладаюцца мытам? У гэтае пытанне будзем паглыбляцца, вывучаць і, вядома ж, будзем для сябе вызначаць, што нам трэба рабіць для таго, каб гэтая дынаміка не працягвалася».

А дынаміка – гэта больш як трохразовы рост імпарту ўжыванай вопраткі за тры гады. Паводле Белстату, летась сэканд-хэнды завезлі тавару на 74 мільёны долараў. Папулярныя яны сярод найменш заможных – пенсіянераў і студэнтаў.

«Сярэдні чэк – гэта рублёў дзесяць. Столькі можа чалавек пакінуць у нас. І ўсё залежыць ад дня – бываюць зніжкі», – кажа Крысціна Галякевіч, прадавачка, Берасце.

Ці гатовыя пакупнікі ахвяраваць гаманцом дзеля падтрымання дзяржаўных фабрык?

«Параўнайце цэны на нашыя тавары з сэканд-хэндам. У іх яны будуць значна таннейшыя, а ў якасці не саступаюць!»

«За сто рублёў можна апрануць сям’ю і на некалькі дзён. І не шкада затым будзе пайсці і выкінуць».

«Нічога зачыняць не трэба. Гэта пагоршыць абстаноўку».

«Хай бы сабе існавалі і сэканд-хэнды, і такія крамы. Я думаю, усё залежыць ад дастатку», – гавораць жыхары Бабруйску.

Але і дзяржаўныя крамы не ратуюць «Беллёгпрам». Як сведчыць Белстат, непрададзенага адзення канцэрн назапасіў ажно на тры месяцы вытворчасці. Чаму нашыя людзі не хочуць апранацца ў нашае?

«Беларусы, у прынцыпе, хочуць купляць беларускае – як мы бачым на прыкладзе «Мілавіцы», альбо «Серж», альбо салігорскай фабрыкі «Калінка». Праблемы якраз з дзяржаўнымі фабрыкамі», – тлумачыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Іх дырэктары хочуць атрымаць субсідыі, а не прыбытак – лічыць эксперт. «Беллёгпрам» бачыць прычыны сваіх праблемаў у іншым. У лютым ён папрасіў ад ураду абароны перад імпартам. Інтэрнэт-крамы, буйныя гандлёвыя сеткі і крамы сэканд-хэнду – такое кола канкурэнтаў акрэсліў канцэрн.

«Ён будзе лабіяваць на ўзроўні ўвядзення новых мытаў, на ўзроўні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, каб усяляк адміністрацыйным чынам абцяжарыць жыццё сваім канкурэнтам – у прыватнасці, сэканд-хэндам», – гаворыць Станіслаў Івашкевіч.

Дырэктарка «Беллёгпраму» прапаноўвае не толькі абмежаваць імпарт сэканд-хэнду, але і стварыць онлайн-краму для дзяржаўных вытворцаў вопраткі. Яшчэ адна прапанова – навучыць моладзь любіць дзяржаўнага вытворцу. Што для гэтага трэба зрабіць, кажуць жыхары Магілёва:

«Ну, па-першае, каб яна выглядала прыгожа, а не на старых нейкая вопратка, а па-другое, каб цэны былі даступныя».

«Можа быць, рэкламу нейкую новую запусціць, новы брэнд?»

«Мне падаецца, трэба зрабіць нешта больш моднае. І ўсё!»

«Калі пахадзіць па нашым універмагу, па той самай «Магіляўчанцы», то нічога моладзевага мы там не знойдзем. Гэта больш адзенне для нашых маці».

Знікненне таннай імпартнай адзежы праблемаў «Беллёгпраму» не развяжа, а павысіць напружанасць у грамадстве, мяркуе Станіслаў Івашкевіч. Таму змаганне дзяржканцэрну з сэканд-хэндамі наўрад ці будзе даўгім.

Аляксандр Папко, belsat.eu