«Белджы» павялічыць вытворчасць Geely да 25 тысяч аўтаў


Амаль палову ад агульнае магутнасці заводу – 60-ці тысяч аўтаў за год – плануе выпусціць і прадаць «Белджы» у 2019-ым. Асноўная колькасць «Джылі» – ажно 70 адсоткаў – разлічаная на расейскі рынак.

«15 лістапада будуць агучаныя кошты на новы седан. Ён будзе танны. І, думаю, што «Джылі» спадзяюцца прадаваць больш аўтамабіляў менавіта за кошт гэтай таннай мадэлі», – кажа Зміцер Навіцкі, аўтаэксперт.

Аднак пакуль «Белджы» робіць стаўку перадусім на пазадарожнікі. Гэты сегмент вылучаецца высокімі коштамі. А зыходзячы з сёлетняга досведу, у Расеі набылі крыху больш за дзве тысячы «Джылі». Выглядае, што расейскі пакупнік аддае перавагу правераным брэндам.

«Ён не настолькі канкурэнтаздольны, каб канкураваць з тым жа «Хёндай крэто», які цяпер на расейскім рынку – найбольш прадаваны кросоўвэр. Уваходзіць у пяцёрку найбольш прадаваных аўтаў у Расеі», – каментуе Азат Цімерханаў, прэсавая служба аналітычнага агенцтва «Автостат», Расея.

Большым даверам у пакупнікоў на радзіме «Джылі» гэтак жа не карыстаецца. Не зважаючы на выгадную крэдытную праграму, сёлета ў Беларусі прадалі толькі прыблізна тысячу аўтаў. Жыхары Глыбокага кажуць:

«Джылі»? Не, лепш узяць іншамарку, мо нават патрыманую нейкую».

«Лепш імпартнае нешта браць. Імпартнае заўжды больш бяспечна».

«Напэўна, калі танней была б, можа б, і ўзяў».

Гэтак, калі плану прадаць 15 тысяч аўтаў не ўдалося выканаць сёлета, дык ці варта разлічваць на 25 тысячаў налета?

«Ні 15, ні 20 тысячаў, ні 30, ні 60 прадаць у Беларусі немагчыма. Патрэбны мытны саюз. Гэта Расея, Казахстан, Арменія, яшчэ нехта. І калі «Джылі» пачнуць добра прадавацца там, то ўсё будзе OK», – каментуе Зміцер Навіцкі, аўтаэксперт.

Тым не менш, нават калі ўявіць, што «Белджы» усё ж здолее прадаць запланаваную колькасць «Джылі», акупіць кітайскія інвестыцыі ўсцяж не атрымаецца. Паводле кіраўніцтва прадпрыемства, каб выйсці на рэнтабельнасць, заводу неабходна выпускаць і прадаваць прынамсі 35 тысяч аўтамабіляў за год.

Юлія Лабанава, belsat.eu