«Белавія» чакае два Boeing 737 MAX. Такія ж, як двойчы разбіліся, ці палепшаныя?


Пасля дзвюх аварыяў і спынення вытворчасці Boeing 737 MAX, найбольш прадаванага самалёта ў свеце, Boeing накіруе 3 тысячы працаўнікоў на збіранне іншых мадэляў летакоў. А пакуль што затрымліваецца пастаўка двух 737 МАХ для «Белавіі». Якую версію летака атрымаем: тую, што сябе дыскрэдытавала, ці палепшаную?

Мадэль 737 МАХ мела найлепшыя продажы і найбольшую колькасць замоваў у кампаніі Boeing. Гэтыя самалёты ўжо больш за год не сягалі аблокаў. Кампанія была вымушаная прыпыніць вытворчасць і продажы з захаваннем працоўных месцаў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Падчас прыпынення вытворчасці кампанія Boeing прыняла слушнае рашэнне захаваць працаўнікоў і заробкі, каб пасля зняцця абмежаванняў на палёты Boeing 737 MAX мы маглі хутка нарасціць вытворчасць, будаваць бяспечны самалёт, забяспечваць патрэбы кліентаў», – тлумачыць Джон Холдэн з Міжнароднай Асацыяцыі Машыністаў, Сіэтл.

Праз адкрытую толькі цяпер праблему ў летаку прастой зацягваецца, таму кампанія Boeing вырашыла накіраваць 3 тысячы працаўнікоў на зборку іншых мадэляў. Цяпер будуць працаваць над размешчанай заблізка электраправодкаю ў адной з сістэмаў самалёта, якая ўтварае рызыку замыкання пры пілатаванні.

«Зазямлілі» 737 МАХ напрыканцы 2018 года пасля дзвюх авіякатастрофаў у Інданезіі і Эфіопіі, у якіх загінулі 346 асобаў. 20 краінаў закрылі неба для пралётаў самалёта, авіякампаніі прыпынілі яго эксплуатацыю. У абодвух выпадках самапісцы сведчылі пра некарэктную працу адной з сістэмаў самалёта…

Boeing дапрацаваў – кажа Артур Вінюкоў-Прошчанка з Украінскай лагістычнай Асацыяцыі:

«Усе неабходныя адпрацоўкі летака і тэставанні Boeing паспяхова выканаў, і самалёт гатовы да палётаў. Працэдуры любых авіяцыйных уладаў, але асабліва ў Авіяцыйнай Адміністрацыі ЗША ці іншае арганізацыі ў Еўропе яшчэ больш бюракратычныя працэсы. Таму што ў авіяцыйнай бяспецы ніхто ніколі не спяшаецца і спешка тут непрымальная».

Крызіс даверу і крызіс продажаў прывёў да адстаўкі галоўнага выканаўчага дырэктара кампаніі Дэніса Мюйленбурга. Кампанія губляе $ 4 млн штоквартал, цярпіць агулам эканоміка ЗША, але і шэраг авіякампаніяў свету, якія змянялі расклад рэйсаў і замянялі «Макса» на іншыя пасажырскія лайнеры.

Гэтак, ужо цяпер затрымліваецца імпарт двух машынаў для беларускага перавозніка «Белавія». Яшчэ тры летакі летась мусілі паставіць Міжнародным авіялініям Украіны. Эксперт Артур Вінюкоў-Прошчанка супакойвае:

«У першай палове 2020 года ўсё ж адбудзецца ўвядзенне ў эксплуатацыю Boeing 737 MAX. Гэта выдатны самалёт і запатрабаваны. Ён неабходны перавозчыкам з усіх пунктаў гледжання: не толькі паліўнай эфектыўнасці, але і тэхабслугоўвання, якое для яго можа выконвацца фазавым метадам. Гэта вельмі каштоўна».

Агулам «Белавія» да лета разлічвае пашырыць парк за кошт 7 новых Boeing 737 MAX у палепшанай з пункту гледжання бяспекі версіі.

Юлія Цяльпук belsat.eu