Беларусы ўсё часцей забіваюць сябе праз беспрацоўе


Беларусь у тройцы лідараў. Што праўда, самага сумнага рэйтынгу. Па колькасці самазабойстваў нашая краіна на 3 месцы сярод еўрапейскіх краінаў і на 5-ым у свеце. Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, якая абнародавала грунтоўную справаздачу за 2016 год, уперадзе Беларусі ідуць толькі Літва і Расея.

Кожныя 40 секундаў нехта на планеце здзяйсняе самагубства.

У лідарах краінаў, дзе людзі трацяць сэнс жыцця, – Беларусь. І, як вынікае з дакладу Сусветнай арганізацыі здароўя, страшныя лічбы ў нашай краіне толькі павялічваюцца.

Жыхары Магілёва:

«Ад жабрацтва, хутчэй за ўсё».

«У некага праблемы ў сям’і, нехта не можа знайсці працу».

«Можа быць, нашае не вельмі шчаслівае жыццё, можа, настрой».

«Жыццё хутчэй за ўсё, а калі браць моладзь, то, хутчэй за ўсё, знаходжанне ў сацсетках».

«Складанае жыццё, эканамічная сітуацыя».

Паводле айчыннай статыстыкі, у 2016-ым годзе на ўласную волю сышлі з жыцця больш за дзве тысячы чалавек. Гэта ў тры разы больш, чымся ахвяраў няшчасных выпадкаў ці загінулых ад дарожна-транспартавых здарэнняў, і ў 5 разоў больш, чымся ад забойстваў. Але, як мяркуюць адмыслоўцы, сапраўдныя лічбы ў разы большыя:

«Статыстыку ў нас карэктуюць па самазабойствах, і калі б яе рэальна ўсю паказвалі б па самазабойствах, то іх было б значна больш. Напрыклад, чалавек вырашыў скончыць жыццё самагубствам – пайшоў патануў, яны: каб не паказваць статыстыку як самагубства, пішуць, што няправільна плаваў, не ўмеў плаваць і патануў», – распавядае праваабаронца Алег Волчак.

Сусветная арганізацыя налічвае 80 спосабаў сыходу з жыцця і 800 прычын суіцыдаў. У нашай краіне адною з самых частых прычынаў сталася жыццё з кляймом «дармаед». Гэтак, днямі ў Гомлі пахавалі жанчыну, якая ў перадсмяротнай запісцы напісала, што ёй сорамна за тое, што не працуе і не можа забяспечыць дзяцей.

«Што робяць улады ў такой сітуацыі? Нічога! Улады толькі ўзнімаюць градус адчаю. Таму кожны факт забойства па прычыне беспрацоўя – на рахунку ўладаў. Гэта яе віна, безумоўна!», – кажа кандыдатка псіхалагічных навук Людміла Мірзаянава.

Аднак улады не робяць высноваў, а падвойваюць свае памылкі.

«Суіцыды могуць павялічыцца з 2019 года, пасля працы дэкрэту № 1, калі людзі не змогуць аплаціць камунальныя, а іх будуць на вуліцы выкідваць. І запомніце – там вялікая бомба падкладзеная не ў саміх камунальных, а за запазычанасць ты павінен вялікую пеню плаціць – 109 % гадавых», – кажа Алег Волчак.

Статыстыка ніколі не падлічыць чалавечага болю. У атачэнні кожнага чалавека, які ўчыніў суіцыд, застаюцца прынамсі 6 чалавек, для якіх ягонае самагубства сталася цяжкаю душэўнаю траўмай.

Давялі. Даводзяць улады, сваякі, чыноўнікі, аднакласнікі, начальнікі, праваахоўнікі. Да самагубства заўсёды даводзяць людзі.

Вольга Старасціна belsat.eu