Беларусы ўсталі на абарону мамы, абвінавачанай у забойстве падчас родаў


Маці, якая страціла немаўля, – абвінавачаная. Прадстаўнікі дзяржаўных органаў апекі – пацярпелыя. У закрытым рэжыме праз хадайніцтва апошніх, а таксама пракурора ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску распачаўся разгляд справы, звязанай са смерцю немаўляці.

31-гадовай Вользе, маці двухгадовай дзяўчынкі, пагражае абмежаванне волі тэрмінам да трох гадоў паводле крымінальнага артыкулу аб прычыненні смерці праз неасцярожнасць.

Паводле абвінавачання, немаўля загінула ў выніку хатніх родаў

«Ніякіх хатніх родаў, як ідзе інфармацыя, не было. Так, яна першага дзіцёнка нараджала ўдома. Дзеля гэтага яны прайшлі адмысловую падрыхтоўку. Яна не выключала хатнія роды, але хатнія роды выглядаюць абсалютна не так. Гэта павінен быў быць муж удома, я павінна была некуды адвесці дзіцёнка, павінна было быць падрыхтавана памяшканне. А тут былі проста тэрміновыя роды», – зазначыла маці абвінавачанай.

Беларусы масава бароняць жанчыну

Дзеля падтрымання і з патрабаваннем апраўдаць і вызваліць Вольгу, якую з траўня ўтрымліваюць у СІЗА, на імя генпракурора, міністра аховы здароўя і кіраўніка Беларусі актывісты стварылі адмысловую электронную петыцыю. За шэсць дзён пад ёй свае подпісы паставілі больш за пяць тысячаў чалавек. Сярод іх – Каця Барушка.

«Камусьці хочацца нараджаць у вадзе, камусьці – з партнёрам, камусьці добра нараджаць у радзільні, а камусьці – удома. У цывілізаваных краінах, дарэчы, павялічваецца колькасць хатніх родаў. Там, дзе дбаюць пра грамадзянаў, дбаюць і пра розныя ўмовы. А нашая дзяржава стварае матрыцу, дзе правільныя жанчыны ў правільных інкубатарах гадуюць правільных дзяцей і правільна іх нараджаюць», – даводзіць Каця.

Сістэма патроху разварочваецца тварам да пацыента

Так мяркуе лекар-рэаніматолаг Зміцер Салошкін. Напрыклад, больш становіцца тых жа партнёрскіх родаў. Але да сапраўднай рэвалюцыі ў айчынным акушэрстве далёка.

Рэзанансавая судовая справа вынесла ў грамадства пытанне, якое раней публічна амаль не абмяркоўвалася – неабходнасць лібералізацыі сістэмы акушэрскай дапамогі ды легалізацыі і дапамогі пры хатніх родах. Цяпер не забароненых, але і заканадаўча не рэгуляваных у нашай краіне.

Паводле афіцыйнай айчыннай статыстыкі, пры хатніх родах рызыка страціць дзіця ў 13 разоў большая, чым пры родах у шпіталі. Аднак цяпер афіцыйна прызнаныя і дазволеныя хатнія роды ў Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Аўстраліі, Нарвегіі, Ізраілі ды шмат якіх іншых краінах.

Лола Бурыева, «Белсат»