Беларусы ўшаноўваюць ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў


На змітраўскія Дзяды беларусы ўшаноўваюць не толькі сваіх продкаў. Як у Менску ўжо традыцыйна адбываецца шэсце ў Курапаты, гэтаксама і ў іншых рэгіёнах актывісты штогод у дні памінання продкаў наведваюць месцы, дзе ў трыццатыя гады працаўнікі НКВД расстрэльвалі невінаватых.

«Мы дакладна ведаем ад мясцовых жыхароў, апытана больш за трыста чалавек, якія пацвердзілі, што тут падчас сталінскага тэрору адбываліся рэпрэсіі, стралялі энкавэдэшнікі, вазілі машыны, кажуць, за ноч некалькі рэйсаў рабілі», – распавёў Ян Дзяржаўцаў, ініцыятыўная група «Хайсы – Віцебскія Курапаты».

«Праўда нас вылечыць, праўда нас вызваліць і тады будзем мець шанц збудаваць тую краіну, дзе захочацца жыць паўнакроўным жыццём. Пра гэта я малюся на гэтых могілках», – адзначыў Вячаслаў Барок, каталіцкі святар.

Напярэдадні віцебскія актывісты ўсталявалі два крыжы з памятнымі табліцамі ў аграгарадку Мазалава і каля чыгуначнай станцыі Лосвіда. Там цягам апошніх гадоў мясцовыя ўлады перапахавалі парэшткі ахвяраў рэпрэсіяў пад выглядам ахвяраў вайны. Цяпер побач з афіцыйнымі помнікамі стаяць крыжы з табліцамі, дзе пазначаныя сапраўдныя прычыны смерці гэтых людзей.

У Магілёве ўшанаванне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў прайшло на ўскрайку пясчанага кар’еру на праспекце Дзімітрава. Гэта адзінае ў горадзе афіцыйна прызнанае месца масавых расстрэлаў у трыццатыя гады.

«Было б добра, каб на будучыню мы зрабілі спіс людзей, якія ляжаць на гэтым месцы ці на іншых месцах каля Магілёва. Гэта было б важна для ўшанавання іхнай памяці», – лічыць Алесь Агееў, удзельнік акцыі, нашчадак расстралянага.

Актывісты хочуць стварыць на гэтым месцы помнік больш трывалы, чым два крыжы, што стаяць тут сёння. Праваабаронца Аляксандр Буракоў узяўся абмяркоўваць гэтую прапанову з мясцовымі ўладамі.

«Павінен быць нейкі антыдот супраць стагоддзяў ВЛКСМ і сёмых лістападаў. Калі нам кажуць, што нейкая дзяржава цалкам выдатная і там усё было добра, то гэта павінна ўспрымацца крытычна, трэба памятаць, што, апроч святаў і парадаў, былі яшчэ і расстрэлы», – кажа Аляксандр Буракоў, праваабаронца, арганізатар акцыі.

Сёння ж нават не кожны беларус усведамляе масавасць сталінскіх рэпрэсіяў і не кожны ведае дакладна, ці датычылі гэтыя падзеі ягоных продкаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат».