Беларусы трымаюцца за рубель, але яму не давяраюць


Беларусы ўсё больш давяраюць нацыянальнай валюце. Паводле Нацыянальнага банку, аб’ём дэпазітаў у беларускіх рублях сёлета вырас на чвэрць і перавысіў 5 мільярдаў рублёў. Што сталася прычынаю такога росту, і чаго чакаць айчынным укладальнікам у будучыні?

Гэтак, сёлета беларусы ўсталявалі рэкорд: абʼём рублёвых дэпазітаў перакрочыў адзнаку пяць мільярдаў. І толькі за апошнія 11 месяцаў вырас больш як на мільярд.

«Прычына простая: гэта больш выгадна. Калі паглядзець на адсоткавыя стаўкі – відавочна, што па беларускім рублі яны вышэйшыя. Калі паглядзець на курсы валютаў, то долар і еўра каштуюць цяпер танней, чымся на пачатку года» – сцвярджае старэйшы аналітык Alpari Вадзім Іосуб.

Пакуль жа абʼём валютных дэпазітаў больш як удвая перавышае ўкладанні ў беларускіх рублях: практычна 6 мільярдаў долараў супраць двух з паловаю. Штопраўда, з 2015 года абʼём дэпазітаў у замежнай валюце пакрысе зніжаецца.

«Да крызісу, да першай дэвальвацыі 2009 года, больш за 60 % укладаў былі рублёвымі. Натуральна, пасля дзвюх дэвальвацыяў гэтая прапорцыя змянілася роўна наадварот. І вось некалькі гадоў продаж валюты насельніцтвам – гэта паступовае вяртанне да таго, што большая доля павінна ў нармальнай краіне быць у нацыянальнай валюце» – кажа эканаміст Сяргей Чалы.

А ці давяраюць айчынным грашовым знакам звычайныя беларусы?

«Наша дзяржава так доўга і ўпарта нас кідала, што я аддаю перавагу доларам».

«Ведаеце, у мяне іх няма, гэтых зберажэнняў. Таму і не ведаю, у чым іх лепей трымаць».

«Калі я працавала, то, канечне, трымала ў беларускіх рублях на дэпазіце».

«Я больш давяраю долару, бо з ім нічога не адбываецца, трымаецца» – кажуць жыхары Менску.

Рост дэпазітаў у беларускіх рублях адбываецца на фоне недаверу насельніцтва да нацыянальнай валюты. Гэтак, паводле Нацбанку, больш за 80 адсоткаў беларусаў думаюць, што цягам найбліжэйшага года кошты будуць толькі павышацца.

«І Мінфін, і Нацбанк планы будавалі зыходзячы па вялікім рахунку з негатыўнага сцэнара, які, хутчэй за ўсё, і рэалізуецца. То бок запас там нейкі быў зроблены. Таму як мінімум год, а мо і больш, непакоіцца няма пра што», – каментуе Сяргей Чалы.

У той жа момант ёсць вонкавыя фактары, якія таксама могуць негатыўна паўплываць як на стан айчыннай эканомікі ўвогуле, гэтак і на курс беларускага рубля. У першую чаргу гаворка пра перамовы з Расеяй, якія датычаць не толькі пытанняў палітычнай ды эканамічнай інтэграцыі, але і коштаў на энерганосьбіты.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu