Беларусы свету выступаюць за перамены


Як дамагчыся мірнай адстаўкі Лукашэнкі і правесці рэформы? Гэта абмяркоўваюць беларусы ва ўсім свеце падчас самай вялікай у нашай гісторыі онлайн-канферэнцыі.

Як выйсці з палітычнага крызісу, пабудаваць дэмакратыю, эфектыўную эканоміку, рэфармаваць міліцыю і суды, стварыць моцныя незалежныя прафсаюзы ды наблізіць Беларусь да перадавых краінаў свету. Пра гэта размаўляюць удзельнікі надзвычайнага Сусветнага кангрэсу беларусаў.

«Мы павінны канстатаваць, што сёння ў Беларусі фактычна склалася сітуацыя вайсковага рэжыму, які ўзначальвае дыктатар, што самастойна абвесціў сябе прэзідэнтам Беларусі. Важна гэта зразумець, каб акрэсліць далейшыя крокі нашых дзеянняў. Нашыя захады павінны мець абсалютна законны характар, у рамках беларускага заканадаўства і міжнароднага права», – заявіў на адкрыцці кангрэсу сябра Каардынацыйнае рады Павел Латушка.

Кангрэс – гэта онлайн-канферэнцыя працягласцю 26 гадзінаў. Яе ўдзельнікі – гэта 5 тысяч беларусаў, якія жывуць ад Аўстраліі да Японіі.

«Вельмі важны будзе досвед, асабліва досвед узаемадзеяння з уладамі тых людзей, якія доўгія гады жывуць за межамі Беларусі. Гэта досвед прафесійны ды іхны асабісты досвед як звычайных грамадзянаў», – лічыць суарганізатар Сусветнага кангрэсу беларусаў Ілля Бягун.

«Мы хочам самі сабе і ўсяму свету паказаць, што нас насамрэч многа. Незалежна ад нашых палітычных поглядаў, мы аб’яднаныя агульнай мэтай, якую можна апісаць у трох пунктах: сыход Лукашэнкі, вызваленне палітычных зняволеных і аднаўленне дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь», – каментуе суарганізатар Сусветнага кангрэсу беларусаў Аляксей Ерахавец.

Як змяняць краіну, дыскутуюць больш за 100 асобаў. Гэта грамадскія актывісты, палітыкі, юрысты, эканамісты і не толькі. Удзел у кангрэсе, напрыклад, прымае оперная спявачка Маргарыта Ляўчук. Змены наспелі ў культуры ды нават спорце.

«Хацелася б ужо як мага хутчэй стварыць новую Беларусь, і каб спартоўцы ў ёй былі адвязаныя ад гэтай сістэмы. Пакуль ты паказваеш добры вынік – ты цікавы і патрэбны, а як толькі ў цябе нешта здарылася, напрыклад, траўма ці заканчваецца кар’ера, то ты ўжо не патрэбны, цябе сістэма не прыме», – дзеліцца сваім меркаваннем чэмпіён свету па самба Сцяпан Папоў.

Не абмінулі ўдзельнікі кангрэсу і актуальных падзеяў. У адказ на абвастрэнне рэпрэсіяў беларусы свету ўзмоцняць падтрыманне пацярпелых. Свет яны заклічуць націснуць на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

«Цяпер я разумею, што рыторыка павінна быць нашмат больш жорсткай. Гвалт не спыняецца, рэпрэсіі ўзмацняюцца, таму эканамічныя санкцыі я бачу як адзінае выйсце з сітуацыі, дакладней, вельмі моцны элемент ціску на рэжым», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Пратэсты супраць дыктатуры на Радзіме падштурхнулі дыяспару да аб’яднання. Кангрэс мае ўзмацніць супрацу беларусаў за мяжою і ўдома. Прапановы рэформаў будуць аформленыя ў выглядзе рэзалюцыяў, а прымуць іх падчас онлайн-галасавання.

Аляксандр Папко, «Белсат»