Беларусы страцілі цікавасць да Расеі і едуць зарабляць на Захад


Расея ў вачах нашага гастарбайтара паволі губляе імідж найлепшага замежнага працадаўцы. Сёлета на адну пятую частку менш беларусаў афіцыйна ўладкаваліся ў расейскіх кампаніях, чымся за першыя 9 месяцаў мінулага году. У пошуках працы яны імкнуцца на Захад.

З Усходу радыкальна на Захад і пераважна ў краіну з бела-чырвоным сцягам імкне беларускі гастарбайтар. Польскія вакзалы вітаюць перадусім будаўнікоў, кіроўцаў, працаўнікоў гастранамічнай галіны. Шмат хто з іх пасля атрымлівае від на жыхарства, а затым – грамадзянства, а пасля… ці хтосьці вернецца на Радзіму? Калі беларусу не адпавядае Польшча, валізка едзе…

«У Чэхію ці ў Літву, бо тут не запатрабаваная мая спецыяльнасць, ды й заробак можа там будзе лепшы», – кажа жыхарка Менску.

Да прыкладу, у Чэхіі, сярэдні заробак будаўніка блізкі тысячы еўра. Пасля выдаткаў на візу, транспарт і пражыванне, працаўнік прывязе дамоў палову заробленага. Калі казаць пра больш кваліфікаваныя спецыяльнасці, атрымаць на рукі можна ў разы больш.

«У Беларусі ёсць сістэмная праблема і яна відавочная. Нашая прамысловасць штогод робіцца менш канкурэнтаздольнаю. І адпаведна ўсё менш і менш плоцяць сваім адмыслоўцам. Тыя ў выніку з’язджаюць, што яшчэ больш пагаршае канкурэнтаздольнасць нашых прадпрыемстваў», – каментуе эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

З гэткага замкнёнага кола на працягу дзевяці месяцаў сёлета выехалі на ўладкаванне ў літоўскіх і польскіх кампаніях больш за тры з паловаю тысячы беларусаў. Гэта на траціну больш, чым у аналагічны перыяд летась. Плынь гастарбайтараў у Расею наадварот зменшылася на 17 адсоткаў. Хоць паводле колькасці расейскі рынак забірае ўсцяж большую частку нашых працоўных. Папярэдняю спробаю змагання дзяржавы з працоўнаю міграцыяй быў пікетаваны насельніцтвам дэкрэт аб дармаедах…

«Потым яны яго змянілі. Цяпер спрабуюць (пабачым як гэта будзе) увесці сістэму большых аплатаў за камунальныя паслугі, за паслугі аховы здароўя для тых, хто афіцыйна не працуе», – тлумачыць Алесь Лагвінец, палітычны аглядальнік.

То бок стасуюцца ўсё тыя ж адміністрацыйныя спосабы вырашэння праблемаў і тактыка замоўчвання інфармацыі пра рэальны стан рэчаў. Апроч гастарбайтараў за мяжу зʼязджае моладзь – па адукацыю. Паводле звестак ЮНЭСКО, у іншых краінах навучаюцца каля 26-ці тысячаў нашых студэнтаў. Аляксандр Лукашэнка прасоўвае іншыя лічбы…

«Дзве тысячы чалавек, якія там [за мяжою] працуюць, і магчыма палова якіх застаецца, – гэта не праблема для дзяржавы. Але як прэзідэнт я б хацеў, каб нашыя маладыя людзі атрымлівалі адукацыю і працавалі тут».

Безумоўна, вялікая колькасць беларусаў прынцыпова працуюць удома, нягледзячы на ніжэйшыя заробкі:

«Важна быць побач з сябрамі і блізкімі».

«Вельмі складана пераязджаць у радыкальна іншую краіну, бо ўсё-такі менталітэт ужо сфармаваны».

«Я хачу быць, жыць, рэалізоўвацца тут».

Дзеля такіх адданых краіне грамадзянаў дзяржава мае рэфармаваць эканоміку – настойвае адмысловец. Алесь Лагвінец, палітычны аглядальнік:

«Эканамічныя рэформы, правы ўласнасці, магчымасці для інвеставання і беларусаў, і замежнікаў у Беларусі».

Каб нашая эканоміка дазволіла зарабляць добра не толькі блізкім да кіраўніка краіны бізнесоўцам, але і шэраговым грамадзянам.

Юлія Цяльпук, belsat.eu