«Беларусы – шчаслівы народ, бо ў Лукашэнкі не гэтак шмат дзяцей»


Лукашэнка едзе ў Таджыкістан – ужо другі раз за апошнія паўгода. Аднак выглядае на тое, што не пейзажы Душанбэ і не размова з гаспадаром краіны Эмамалі Рахмонам ды нават не сустрэча лідараў краінаў СНД – галоўная мэта візіту. Падобна, што ў Таджыкістан Лукашэнка едзе да Пуціна.

Аляксандр Лукашэнка – ізноў у Таджыкістане. Але гэтым разам няма часу прадаваць беларускія трактары ды захапляцца мясцовымі горнымі пейзажамі. З эканамічнага гледзішча краіны, лічы, не супрацоўнічаюць.

«Беларуска-таджыкскія адносіны не вельмі развітыя ў сэнсе эканамічным, бо няма асабліва чаго прадаваць і няма чаго купляць адной краіне ў другой. Таджыкістан – краіна бедная, попыт на беларускія тавары – невялікі», – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч

Настолькі невялікі, што ўзаемны таваразварот два гады таму ледзьве дасягаў дваццаці мільёнаў долараў – доля адсотку ад усяго беларускага гандлю. Затое ў асабістых дачыненнях – усё проста цудоўна. І Рахмон і Лукашэнка – два аўтарытарныя лідары, і абодва – былыя кіраўнікі калгасу і саўгасу. Гэта не адзінае падабенства рэжымаў.

«Беларусы – шчаслівы народ, бо ў Лукашэнкі не гэтак шмат дзяцей, а ў Рахмона – дзевяць дзяцей. І я неяк палічыў, што з 17 міністраў – дзевяць ёсць або сваякамі Рахмона, або з ягонае вёскі», – распавядае журналіст і праваабаронца Мухамаджон Кабіраў.

Гэтак, сын таджыкскага лідара займае пасаду мэра Душанбэ, дачка кіруе апаратам прэзідэнта, зяць – старшыня Нацбанку. На гэтым падабенстве можа будавацца сяброўства двух кіраўнікоў. Паводле ж новага амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча, у Душанбэ могуць быць падведзеныя вынікі сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі тыднёвай даўніны. Бо дагэтуль мы не пачулі ніякай канкрэтыкі.

«Было абвешчана, што на 30 мільярдаў прывёз з Сочы Лукашэнка пагадненняў. Выбачайце, дайце раскладачку: дзе тыя 30 мільярдаў? Пакуль што толькі было абяцана пра грошы па гэтак званай схеме перамыта нафты, але гэта па некалькі соцень мільёнаў за год», – расказвае палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Яшчэ цікавей за сутнасць расейскіх дывідэндаў, што Менск быў або будзе вымушаны даць наўзамен.

«Лукашэнка, дарэчы, абмовіўся: маўляў, мы там і пра Украіну размаўлялі. А праз дзень ці два кажа, што трэба ўмацаваць мяжу з Украінай. Гэта сімптомы таго, што Масква можа даціскаць і па ўкраінскім пытанні, і ў пытанні размяшчэння базы, пагатоў ёсць зачэпка: у Польшчы будзе размешчаная амерыканская база», – каментуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Увогуле, яшчэ пытанне, ці кіраўнікі СНД едуць на саміт арганізацыі, ці хутчэй на сустрэчу з Пуціным. Што ж да садружнасці, то гэта цяпер хутчэй клуб лідараў постсавецкіх краінаў, чым міжнародная арганізацыя, кажуць адмыслоўцы.

«СНД выконвае яшчэ адну функцыю: функцыю ўзаемнай легітымізацыі аўтарытарных дзяржаваў і рэжымаў, якія існуюць на постсавецкай прасторы. Глядзіце, пасля кожных выбараў прыязджае дэлегацыя СНД, і кожны раз, дзе б тыя выбары ні праводзіліся, дэлегацыя СНД вельмі станоўча іх ацэньвае» – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Што вельмі дапамагае рэжымам кшталту беларускага і таджыкскага адказаць на традыцыйную крытыку назіральнікаў АБСЕ: маўляў, ёсць і іншыя меркаванні.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Фота: REUTERS / Damir Sagolj / FORUM