Беларусы распавялі, ці заўважаюць на тэлебачанні прапаганду


Як паказаў маніторынг Беларускай асацыяцыі журналістаў, расейскія перадачы пераважаюць у эфіры найбольш папулярных у Беларусі каналаў. Гэта значыць, што нам транслююць перадусім пракрамлёўскі погляд на падзеі.

У кожным доме, дзе ёсць тэлебачанне, ідзе прынамсі 9 каналаў. Сярод іх «РТР-Беларусь», «НТВ-Беларусь» і «МІР», дзе большасць эфірнага часу займае кантэнт расейскай вытворчасці. Беларускія тэлеканалы таксама перадаюць расейскі мэсіджы.

«Амерыканскія вайскоўцы гатовыя дапамагаць, але звычайна да такога падтрымання прыкладаецца бонусам і дэстабілізацыя», – такую выснову робіць журналіст тэлеканалу АНТ у рэпартажы аб вучэннях NATO ў Літве.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Гэтую тэму асабліва часта асвятлялі на беларускім тэлебачанні.

«Менавіта гэты маскоўскі вектар, які дакладна быў прамоўлены: мы не проста за сябе стаім, мы стаім за нашыя агульныя межы. І ў дадзеным выпадку гэта як бы фактычна мяжа маскоўская», – кажа медыяэксперт Максім Жбанкоў.

Беларуская асацыяцыя журналістаў падала вынікі даследавання дзяржаўнага тэлебачання на прадмет расейскай прапаганды. Даследаванне праводзілася летась у кастрычніку-лістападзе. Вынікі несуцяшальныя: на чатырох самых папулярных тэлеканалах больш за палову эфірнага часу ў прайм-тайм займае расейскі кантэнт. Асноўныя мэсіджы: Беларусь неаддзельная ад славянскіх народаў, будучыня ў развіцці еўразійскай інтэграцыі.

«Галоўная небяспека нават не ад мэсіджаў сыходзіць. Галоўная небяспека ў тым, што беларускі глядач атрымлівае карціну сусвету з пункту гледжання Расеі ды прызвычайваецца жыць у расейскім свеце», – кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Гэта таксама датычыць канфлікту ва Украіне. Беларускімі дзяржаўнымі тэлеканаламі ён асвятляўся досыць нейтральна. Расейскія ж медыі падавалі пракрамлёўскі пункт гледжання. А што глядзяць менчукі і каму больш давяраюць: беларускім тэлеканалам ці расейскім?

«Не гляджу я. Мне не падабаюцца ні тыя, ні тыя, праўды няма».

«АНТ, Першы канал і Другі. Так, я давяраю больш, я лічу, што больш аб’ектыўна асвятляецца».

«Ніякім каналам не давяраю, я не гляджу тэлебачання».

«Мне падаецца, яны чымсьці падобныя: і там, і там можна пачуць адно і тое ж. Таму і таму, і таму веру».

Паводле інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце, тэлебачанне застаецца галоўнаю крыніцай інфармацыі для беларусаў. А самы папулярны тэлеканал – АНТ. Доля расейскіх перадачаў тут у прайм-тайм – 72 %.

Наста Кахановіч belsat.eu