Аб'ектыў 15.10.2019 Беларусы распавялі, ці лічаць выбары святам


Выбары заўсёды свята. Лукашэнка ўзгадніў новых мясцовых кіраўнікоў. Прызначаючы іх на пасады, зачапіў тэму выбараў у Палату прадстаўнікоў. Як успрымаюць такія заявы выбарнікі і патэнцыйныя кандыдаты?

Бясплатная юшка і гарбата, спевы ад школьнікаў і нават нястрымныя танцы ў калідорах. Здавалася б, што лучыць усе гэтыя элементы?

«Выбары, гэта заўсёды ў нас у Беларусі было свята, з даўніх-даўніх часоў, мы павінныя арганізаваць гэты працэс як святочны, але не забывацца пра тое, што гэта выбары», – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

І прызначыў на пасаду старшыні Маскоўскага раёну сталіцы Таццяну Калядку, Анатоля Лукашова на пасаду старшыні Дубровенскага райвыканкаму, а Дзмітрыя Пімашэнку – на кіраванне Мсціслаўскім раёнам.

«Лукашэнка хоча стварыць нейкую ілюзію, нібы ў нашай краіне выбары сапраўды ёсць», – мяркуе Станіслаў Шашок, патэнцыйны кандыдат, «Моладзевы блок».

Але ці даспадобы людзям такая ілюзія? І ці лічаць яны тое, што ў нас завецца выбарамі, – святам? Вось, што адказалі жыхары Магілёва:

«Не свята, напэўна. А чаму гэта павінна быць святам?»

«Ну як свята? Прынята – вось і ідзём».

«Няхай будзе свята».

«Не, не свята».

«Адзін і той жа прэзідэнт, ужо як бы надакучала ўсё гэта. Нічога лепшага не адбываецца ў нашай краіне».

«Мне падаецца, гэта свята, таму што мы выбіраем нашага кіраўніка, які будзе за нас выстаўляць сваё меркаванне».

Сустрэтыя намі мінакі, адказваючы на пытанне пра выбары, ужо думаюць аб прэзідэнцкай электаральнай кампаніі, хоць сёлета выбіраем склад Палаты прадстаўнікоў. Але ідэнтычныя сцэны, калі журналістаў выганяюць з участкаў, а назіральнікам не даюць назіраць за падлікам галасоў, можна пабачыць на любых выбарах.

«Натуральна, улады не робяць нічога для таго, каб гэтыя выбары, выбарчы працэс быў для людзей заўважны, каб кандыдатаў ведалі і гэтак далей», – кажа Станіслаў Шашок.

Заява ж Лукашэнкі пра свята, на думку вылучэнца на кандыдата, выглядае як спроба павысіць яўку на выбары ў Палату прадстаўнікоў.

Паводле звестак ЦВК, падчас мінулых выбараў у 2016 годзе яўка склала 74,68 %, а ажно 31,3 % выбарнікаў прагаласавалі датэрмінова.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары