Беларусы распавялі пра свае заробкі


Тры гады мінула ад апошняга эканамічнага страсення. І толькі на чацвёрты, бяскрызісны год, беларусы статыстычна падыходзяць да лічбы адна тысяча рублёў – ці ўмоўных 500 долараў заробку.

Жыхары Магілёва распавядаюць:

«1000 рублёў? Мала хто. Зусім мала. У асноўным 500».

«Вось паехаць адпачываць нашая сям‘я дазволіць сабе не можа…»

«Толькі па тэлевізары кажуць, а на самой справе зусім не так. Сярэдні заробак – 500–600».

Па тэлебачанні кажа той жа кіраўнік краіны, але новы прэм’ер Сяргей Румас: ліберал паводле прызнання і эканаміст паводле адукацыі. Ягоны падначалены, міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, у эфіры дзяржканалам хваліцца, што сёлета праверак фірмаў і ІП з боку кантрольных органаў было амаль утрая менш, чым летась. Рэкордную выручку плануе мець Парк высокіх тэхналогіяў, эксперты МВФ нават кажуць пра рост ВУП на ўзроўні чатыры адсоткі, што найбольш за апошнія 7 гадоў.

Жыхары Магілёва:

«Не эканомлю наагул. Таму што зарабляю не ў Беларусі».

«Ну, у мяне муж атрымлівае 1000 рублёў. І ў мяне. Але мы пенсіянеры».

Але за бортам новай эканамічнай палітыкі ўраду дагэтуль застаюцца бюджэтнікі і работнікі дзяржсектару. Іхныя заробкі раслі найменш, і ў выніку часта не дасягалі нават паловы ад таго, што ў сярэднім маюць працаўнікі па краіне.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі (president.gov.by):

«Пераваліць за 1000 рублёў, за кошт таго, што павысім у нізкааплачванай часткі насельніцтва».

Ужо ў верасні аклады працаўнікоў педагагічнай і медычнай сферы выраслі на 20 адсоткаў. І сярэдні заробак падкраўся да 1000. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari»:

«Цяпер магчымасці для росту заробкаў ёсць, хаця ёсць і трывожныя званочкі. У прыватнасці, у нас тэмпы росту заробку апярэджваюць тэмпы росту вытворчасці працы».

У канцы наступнага года, паводле прагнозаў ураду, сярэдні заробак вырасце на 100 рублёў. Для гэтага эфектыўнасць працы мае вырасці на 3,7 % – што цалкам рэальна, канстатуюць эксперты. Але дабрабыт беларусаў ад гэтага не вырасце – апроч сталай інфляцыі, у наступным годзе плануецца рост тарыфаў ЖКГ у сярэднім на 5 долараў. А таму пакуль застанемся пры сваім. Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Alpari»:

«Без таго, каб правесці глыбокія эканамічныя рэформы, якасна палепшыць інвестыцыйны клімат у краіне, казаць пра нейкія дравейры росту, якія б забяспечылі стабільны рост эканомікі і дабрабыту беларусаў дастаткова складана».

Дый статыстыка ў Беларусі любіць розныя перспектывы. Часта цяжка атрымаць хоць які заробак. Гэтак, за верасень 160 прадпрыемстваў парушылі тэрміны выплаты заробкаў, а восем заплацілі менш за мінімалку, якая складае 305 рублёў.

Алесь Залеўскі, belsat.eu