Кампанія падтрымання «Белсату» набірае абароты


Абараніць «Белсат»

У Беларусі ды за яе межамі працягваюцца акцыі падтрымання першага ў гісторыі беларускамоўнага тэлеканалу. У Менску сабраліся прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці, каб скласці план дзеянняў. Усе згодныя ў адным.

«Калі мы сёння не абаронім «Белсат», за ім пойдуць і ўсе іншыя. Калі рэжым пабачыць, што можна задушыць адных, а ўсе іншыя маўчалі ў той час, то навошта пакідаць іншых», – зазначыў Міхась Янчук з Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Апазіцыйныя палітыкі ды грамадскія дзеячы па выніках сённяшняй сустрэчы падпісалі зварот да польскіх уладаў

«Зварот, які мы толькі падпісалі, скіраваны да прэзідэнта Польшчы, прэмʼер-міністру, а таксама кіраўніцтву МЗС і польскага сейму – тым структурам улады, якія могуць паўплываць на рашэнні адносна тэлеканалу «Белсат», – распавёў Юрась Губарэвіч з Руху «За Свабоду».

Акцыі падтрымання «Белсату» працягваюцца ўжо некалькі дзён

Да падтрымання тэлеканалу далучаюцца вядомыя палітыкі, грамадскія дзеячы ды тысячы неабыякавых беларусаў. Падпісацца пад адмысловаю петыцыяй да польскага прэзідэнта можна і ў інтэрнэце. Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці плануюць правесці па ўсёй Беларусі збор подпісаў за захаванне незалежнага тэлеканалу.

«Гэта сымбаль незалежнасці, сымбаль свабоды, гэта сымбаль салідарнасці заходняга свету з Беларуссю. Калі гэта будзе разбурана, для Беларусі наступяць цёмныя часы», – адзначыў Павел Севярынец, палітык і адзін з ініцыятараў кампаніі.

Белсат у абмен на Палёнью

Днямі ў польскіх медыях прайшла інфармацыя аб магчымым істотным скарачэнні фінансавання тэлеканалу. Са словаў дырэктаркі «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, гэты крок прывядзе да ліквідацыі тэлебачання. Міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрвʼю парталу «Wpolityce.pl» паведаміў, што ягоная краіна шукае сродкі для дапамогі сірыйскім уцекачам. Апроч таго, змены – частка плану рэфармавання Польскага тэлебачання:

«У размовах з кіраўніцтвам Польскага тэлебачання мы задумваліся над рэформаю, стварэннем каналу, які спалучаў бы і забаву, і публіцыстыку, які быў бы сучасным каналам для палякаў, для тых, хто размаўляе па-польску, для тых, хто хоча вучыць нашую мову. Зʼявілася ідэя абʼяднаць замежныя рэдакцыі з новаю «TVP Polonia»

Магчымасць такога варыянту дапускаюць у Беларусі.

Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці ўжо сёння папярэджваюць

«Магчыма, як кажуць палітолагі, яны зацікавіліся праектам, што ў Беларусі ўключаць Польскае тэлебачанне. Аднак польскія ўлады мусяць узгадаць, як беларускія ўлады выконвалі свае абяцанні», – нагадвае Алег Корбан з грамадскага абʼяднання «Альтэрнатыва».

Паводле афіцыйнай заявы дырэктаркі праекту Агнешкі Рамашэўскай-Гузы пакуль тэлеканал «Белсат» працягвае сваю працу….

«Тэлеканал «Белсат» працуе, як і раней, і будзе працягваць працу да часу, пакуль кіраўніцтва «TVP» не пастановіць змяніць рэжыму працы», кажа кіраўніца «Белсату».

Кожны дзень – на вагу золата

Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці працягнуць салідарызавацца з «Белсатам». Не выключана, што ў хуткім часе акцыі пройдуць і ў Варшаве.

«Нам трэба злучыць усе неабходныя сілы па абодва бакі мяжы, каб перакуліць гэтую сітуацыю ў іншы бок. Я думаю, што гэта яшчэ магчыма», – падсумаваў Міхась Янчук.

20 снежня а 12-й гадзіне каля Адміністрацыі прэзідэнта ў Менску пачнецца пікет. Яго ўдзельнікі будуць заклікаць выключыць «НТВ» і ўключыць «Белсат».

Ян Бабіцкі, «Белсат»