Беларусы прадаюць больш валюты, чым набываюць


Беларусы працягваюць здаваць долары ў абменнікі, але ўжо не так актыўна, як раней. Аднак сітуацыя, калі валюты прадаюць больш, чым набываюць, цягнецца ўжо даўжэй за тры гады! Ці пагражае нешта гэткай стабільнасці ў фінансах, высвятляў Вітаўт Сіўчык.

Гастарбайтары працуюць, улада не трымае штучны курс рубля, а беларусы працягваюць здаваць долары. Сітуацыя цягнецца ўжо больш як тры гады. Апроч трохгадовай тэндэнцыі, аб’ём здадзеных грошай няўхільна падае ўжо 5 месяцаў. З кастрычніка ён упаў амаль на 18 адсоткаў. Купля валюты – амаль на 23 адсоткі.

«Чалавек аплаціў камуналку, купіў сабе паесці, і ў яго засталіся грошы, і ён можа дазволіць сабе на гэтыя грошы купіць валюту. Калі вось гэтых лішніх грошай няма, а тым больш значна зменшыліся дэвальвацыйныя чаканні, то для пакупкі валютаў няма ані прычынаў, ані магчымасцяў», – тлумачыць справу старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Апытанне са сталічных вуліцаў пацвярджае апісаныя экспертам тэндэнцыі. Жыхары Менску распавядаюць:

«Даўненька ўжо здаю. Праядаем запасы!»

«Больш купляю, таму што я атрымоўваю заробак у беларускіх рублях, а каб падарожнічаць, трэба набываць долары або еўры».

«Не набываю і не здаю». – «А чаму?» – «Таму што з пенсіі жыву. І не атрымоўваецца ў мяне не набываць, не здаваць».

«Больш здаю, калі зарабляю. Не хапае на жыццё».

«Нам не да валюты».

Гадамі людзі куплялі замежную валюту, бо не верылі ў трываласць нацыянальнай, курс якой строга трымала дзяржава.

«Людзі купляюць замежную валюту свабодна канвертаваную і яе пасля здаюць, каб потым выжыць», – кажа намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч.

Як толькі ўлады адпусцілі кантроль над курсам рубля, ён адносна стабілізаваўся. Але хіба можна вечна праядаць запасы? Эксперты кажуць: напэўна, немалая доля здадзенай валюты – грошы, перасыланыя з-за мяжы беларусамі, якіх нярэдка залічваюць у дармаеды. Але адсачыць дакладныя крыніцы плыняў амаль немагчыма.

Старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб каментуе:

«У любым выпадку адзінае, што можна сказаць з высокай ступенню дакладнасці, – не варта чакаць, што ў нейкай прагляднай будучыні гэтая валюта цалкам скончыцца».

А таму, паводле адмыслоўцаў, нягледзячы на падзенне, запас трываласці ў беларусаў яшчэ ёсць. А значыцца, і ў беларускага рубля.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: Ірына Арахоўская