Беларусы падпісваюцца за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцтва


Ізноў чарга. Сёння – у Глыбокім, на Віцебшчыне. На плошчы ля выканкаму збіраюць подпісы за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаты на прэзідэнцтва.

«Хочацца пераменаў у краіне, надакучыла так жыць».

«Каб было больш кандыдатаў і было з каго выбіраць».

«Цяпер такі час, застацца дома, я думаю, бязглузда», – кажуць жыхары Глыбокага.

Тых, хто збіраў подпісы ў выходныя, сёння ўжо караюць. У Віцебску штрафы прысудзілі Алегу Баразне, Эдуарду Плюсніну ды Аляксею Саламаненку. Іх затрымалі ўчора яшчэ перад пікетам.

«Яны сказалі, што плакат «Свабоду Ціханоўскаму» незаконны, што гэта публічнае выражэнне маіх асабістых інтарэсаў», – распавядае аштрафаваны Алег Баразна.

У Менску ў судзе Цэнтральнага раёну па 15 содняў арышту прысудзілі затрыманым учора Дзянісу Урбановічу і Максіму Вінярскаму. Такое ж пакаранне атрымаў і Мікола Статкевіч у судзе Ленінскага раёну сталіцы.

«Мікалай быў асуджаны да адміністратыўнага арышту за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якімі аказаліся перадвыбарчыя пікеты па зборы подпісаў за вылучэнні кандыдатаў», – тлумачыць жонка палітыка Марына Адамовіч.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», цягам выходных па ўсёй краіне затрымалі не менш за паўсотні актывістаў.

Але суды працягваюцца і за ранейшыя акцыі. У Наваполацку чатырох удзельнікаў сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім 29 красавіка суддзя Зінаіда Балаболава пакарала штрафамі агулам на амаль тысячу рублёў.

«Я прыйшла тады сказаць на плошчу, што і так малыя заробкі, у нас малыя дзеці, нам жыць цяжка. І вось за тое, што ты кажаш пра гэта і крычыш: «Гвалт, як уратавацца?», ты атрымліваеш 10 базавых», – абураецца Аштрафаваная Наталля Карэліна.

Самога Сяргея Ціханоўскага, затрыманага ў пятніцу, праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць. Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў блогера палітвязнем. Святлана Ціханоўская ў тэлеграм-канале «Страна для жизни» апублікавала адкрыты ліст пра затрыманне мужа, а таксама абвінаваціла дзяржаўнае тэлебачанне ў хлусні і паведаміла, што накіравала заявы наконт парушэнняў у ЦВК. Дзве заявы пра парушэнні ў Цэнтральную выбарчую камісію падаў Віталь Рымашэўскі.

«Заява зробленая ў ЦВК, а таксама ў Генеральную пракуратуру і ў МУС. Мы патрабуем не толькі вызваліць Сяргея і ўсіх, хто быў затрыманы за гэтыя дні, але таксама пакараць тых, хто ствараў гэтую правакацыю, тых, хто парушаў права на свабодныя і справядлівыя выбары», – кажа Віталь Рымашэўскі.

Са словаў Рымашэўскага, праз інтэрнэт пад заявамі ў ЦВК цягам содняў падпісаліся больш як паўтары тысячы чалавек. Сваю заяву ў ЦВК падаў і патэнцыйны кандыдат на прэзідэнцтва Віктар Бабарыка:

«У выходныя мы апублікавалі дэкларацыю пра сумленныя выбары, і ўжо сёння я занёс заяву пра факты шматлікіх парушэнняў, якія адбыліся ў пачатковы перыяд выбарчай кампаніі, у ЦВК».

У пераліку парушэнняў – і выпадкі прымусу падпісвацца за дзейнага кіраўніка краіны, і абразы Аляксандрам Лукашэнкам прэтэндэнтаў у кандыдаты. Калі парушэнні пацвердзяцца, Бабарыка просіць зняць Лукашэнку з выбараў. Адрэагаваўшы на дэкларацыю, адвакат Сяргей Зікрацкі паабяцаў юрыдычнае падтрыманне тым, на каго будуць ціснуць падчас выбарчай кампаніі.

«Калі кожны з нас будзе казаць, што адбываецца, калі кожны з нас будзе змагацца за свае правы, то ёсць шанец, што гэтыя выбары пройдуць свабодна», – кажа адвакат.

Акцыю прававой дапамогі Сяргей Зікрацкі плануе праводзіць да канца жніўня.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»