Аб'ектыў 05.03.2018 Беларусы не вытрымалі ды выйшлі чысціць вуліцы ад снегу


Складаныя дарожныя ўмовы выклікалі шматлікія аварыі на трасах і вуліцах. Камунальныя службы выкарысталі амаль тысячу адзінак тэхнікі. Ім дапамагалі некалькі соцень вайскоўцаў. Каб даць рады з прыборкай снегу, за шуфлі давялося ўзяцца і шараговым беларусам.

«Два разы праходзіў трактар у гэтыя снегапады. І суседзі дапамагалі. Мы самі расчысцілі там, дзе трактар не дастаў».

«У нас дружна дом выходзіць з шуфлямі, свае машыны, як кажуць. У нас чыста, зручна».

«Нават там, дзе я пражываю, дворнікі выносілі шуфлі і венікі і людзі замест зарадкі дапамагалі расчышчаць шляхі, пад’езды камунальшчыкам, хуткім»,

– падзяліліся менчукі.

Не паўсюль прыватная ініцыятыва здольная выправіць сітуацыю

Павел Бераснёў разам з сям’ёй апынуўся ў закладніках снегу і сістэмы GPS у сваім доме ў вёсцы Бузуны. Кавалак вуліцы даўжынёю каля 800 метраў да дому Паўла яшчэ не здадзены ў эксплуатацыю. Адпаведна, яго няма на мапах і ў маршруце трактара. Ані ў сельскім, ані ў раённым, ані ў абласным выканаўчых камітэтах, куды тэлефанаваў Павел, не змаглі развязаць праблемы, бо, паводле чыноўнікаў, трактар мусіць рушыць толькі па існых вуліцах. А прах тое, што на тэхніцы ўсталяваная сістэма GPS, то без загаду трактарыст не можа адхіляцца да маршруту.

«Я так разумею, што GPS аказаўся глаўнейшы за ўсіх нашых чыноўнікаў. І ўсе разумеюць, але ніхто не можа прыняць рашэнне. Ні сельсавет, ні райвыканкам, ні аблвыканкам – чалавек не можа ўзяць на сябе адказнасць і сказаць трактарысту: едзь, гэта не лявак, гэта ты людзям пачысціў, я даю дабро на гэта. Атрымліваецца, гэта трэба падняцца не ведаю да якога ўзроўню, каб гэта ўсё вырашылі», – абураецца Павел.

У нядзелю старшыня ракаўскага сельсавету ўсё ж такі паабяцаў, што дарогу расчысцяць, але пакуль што трактар на дарозе ля дому Паўла не з’явіўся.

Для Менску снегапад стаў наймацнейшым за гэтую зіму

Выпала 46 % ад месячнай нормы ападкаў. Перадых у выглядзе сонечнага надвор’я, на жаль, працягнецца нядоўга, і ўжо бліжэйшымі днямі Беларусь зноў чакае снег – гэтым разам ён будзе мокры, таму беларусам яшчэ не раз давядзецца папрацаваць шуфлем.

Таццяна Белашова, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары