Беларусы не давяраюць банкам


Чарговая трывожная статыстыка ад Нацыянальнага банку. Беларусы масава забіраюць грошы з рахункаў. Чым гэта выклікана і да чаго прывядзе – раскажа Аляксандр Папко.

За два месяцы беларусы забралі з банкаў чвэрць сваіх укладаў. Калі 1-га жніўня на рублёвых і валютных рахунках заставаліся амаль тры з паловаю мільярды долараў, то сёння – на паўтара мільярда менш.

«Насельніцтва страціла давер да дзяржавы, яго інстытутаў, прававых механізмаў. Пры гэтым не можа быць даверу да банкаўскай сістэмы», – тлумачыць старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Менш грошай у банках – адпаведна, меней крэдытаў для фірмаў і фізічных асобаў.

«Мы ўжо бачым, што спажывецкія крэдыты насельніцтву амаль не выдаюцца. Камерцыйныя крэдыты атрымаць складана», – распавядае эксперт даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі.

З часу прэзідэнцкіх выбараў растаюць не толькі банкаўскія ўклады. За жнівень золатавалютныя рэзервы зменшыліся на рэкордны 1 мільярд 400 мільёнаў долараў. Сёння ўладам патрэбныя грошы не толькі на выплату пазыкаў і ўмацаванне рубля, але яшчэ і на падтрыманне банкаў.

«Калі мы кажам пра такія буйныя дзяржаўныя банкі, як «Белаграпрамбанк», «Беларусбанк», то, магчыма, дзяржаве прыйдзецца кампенсаваць банкам тыя грошы, што насельніцтва з іх вывела. Калі для гэтага дзяржава ўключыць друкарскі станок, то ад гэтага можа ўзнікнуць інфляцыя, дэвальвацыя», – папярэджвае Вадзім Іосуб.

Паводле Нацбанку, цэны, якіх улады не рэгулююць, у верасні выраслі на 1,36 %. Гэта найвышэйшы паказнік за 5 гадоў. Прычына – у росце попыту на валюту, тлумачыць эканаміст Леў Львоўскі:

«Галоўная прычына росту цэнаў цяпер – гэта рост долара. Вялікая частка тавараў, якія мы спажываем – гэта імпартныя тавары».

Але ці за гарачымі падзеямі ў краіне заўважаецца рост спажывецкіх коштаў?

«Не, шчыра кажу, не глядзела, бо ў нас у сям’і праблема. Вось – чалавек ковідам перахварэў. Таму мне не да гэтага».

«Алей сланечнікавы актыўна даражэе. У прынцыпе, даражэе ўсё».

«Не, наадварот, нешта таннейшае стала – напрыклад, гародніна. Садавіна, праўда, не патаннела».

«Ды канечне, адчула. У сярэднім, кажуць, інфляцыя больш за 6 адсоткаў у Беларусі. Гэта значыць, што цэны растуць», – кажуць жыхары Горадні.

6 адсоткаў – настолькі, паводле Нацбанку, павысяцца цэны па выніках года. Гэта на адзін адсоткавы пункт вышэй за ранейшы прагноз. Нягледзячы на недахоп грошай у эканоміцы друкавальнага станка Нацбанк абяцае не ўключаць. Стаўка рэфінансавання застанецца на ўзроўні 7,75 адсоткаў гадавых.

Аляксандр Папко, «Белсат»