Беларусы навучыліся жыць у крэдыт. Дзяржпрадпрыемствы – не


У Беларусі – крэдытны бум. Пра гэта сведчыць статыстыка Нацыянальнага банку. Колькасць грошай, якую пазычаюць нашыя грамадзяне, павялічваецца штогод. На што менавіта бяруць беларусы крэдыты і ці маюць чым аддаваць пазыкі?

Амаль удвая за чатыры гады – гэтак вырасла запазычанасць беларусаў перад банкамі. Паводле Нацбанку, толькі сёлета сума выдадзеных насельніцтву крэдытаў павялічылася амаль на мільярд долараў.

«Звязанае гэта з тым, што, пачынаючы з 2017 года, растуць даходы насельніцтва – не толькі ў намінальным, але і ў рэальным выражэнні. Чым больш у насельніцтва даходаў, тым прасцей ім браць крэдыты, і тым ахвотней гэтыя крэдыты банкі выдаюць», – тлумачыць старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Сёння беларусы маюць крэдытаў больш як на 6,5 мільярдаў долараў. 4 мільярды з іх – крэдыты на жытло, рэшта – спажывецкія, і іх аб’ём расце найхутчэй. На што беларусы пазычаюць грошы? Мы запыталіся ў жыхароў Берасця:

«На тэхніку побытавую, на лядоўні, на машыны».

«Брала крэдыт, каб купіць пральную машыну. Выгадна! Чаму б і не!»

«Пайсці, можа, нейкае свята, дзень народзінаў адзначыць! Шмат такіх выпадкаў бывае, калі трэба – а тут як раз не стае!»

«Даводзіцца браць на навучанне дзяцей, на нейкія святы. І я лічу, што гэта ў нас ненармальна».

Паводле Нацбанку, яшчэ тры гады таму крэдытамі карыстаўся кожны чацверты дарослы беларус. Тыя, хто ўзяў спажывецкія крэдыты, выдаткоўвалі на іх сплату каля 20 адсоткаў заробку. У суседняй Расеі, згодна з даследаваннем кампаніі MAGRAM, крэдыт мае кожны трэці дарослы, а на яго абслугоўванне выдае больш за чвэрць даходаў. Ці рост закрэдытаванасці створыць пагрозу для нашай эканомікі?

«Гэта магло б быць пагрозай, калі б гэтая закрэдытаванасць перавысіла нейкія разумныя рамкі. Але Нацыянальны банк яшчэ ў мінулым годзе прыняў спецыяльнае рашэнне, каб выплаты па крэдытах не перавышалі 40 адсоткаў даходу чалавека. Менавіта гэтым абмяжоўваецца крэдытны бум», – супакойвае Вадзім Іосуб.

Сярод крэдытаў, выдадзеных насельніцтву, доля пратэрмінаваных складае менш за тры дзясятыя адсотка. Нашмат большую праблему, паводле Вадзіма Іосуба, стварае запазычанасць дзяржаўных прадпрыемстваў. Летась ім пазычылі 15 мільярдаў долараў. Своечасова яны не вярнулі 600 мільёнаў.

Як заявіў сёння старшыня праўлення «Беларусбанку» Віктар Ананіч:

«Назапашванне дрэнных крэдытаў беспасярэдне ўплывае на развіццё банкаўскай сістэмы. Гэта зніжае стварэнне рэзерваў. Плюс назапашваецца негатыўная гісторыя. У гэтым і крыецца прычына таго, што банкі адмаўляюць у выдачы крэдытаў».

Статыстыка кажа іначай. Крэдытаванне дзяржпрадпрыемстваў працягваецца ранейшымі тэмпамі. Але іх пратэрмінаваная запазычанасць з пачаткам гэтага года скарацілася ў 8 разоў. На думку Вадзіма Іосуба, цуду тут няма. Дзяржава загадвае банкам адтэрмінаваць выплату крэдытаў. А, як вярнуць пазычаныя дзяржзаводам грошы, яна не ведае.

Аляксандр Папко belsat.eu

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum