Аб'ектыў 05.06.2018 Беларусы набралі крэдытаў на 10 мільярдаў рублёў


Беларусы набралі амаль 10 мільярдаў рублёў крэдытаў у айчынных банках, пабіўшы тым самым чарговы рэкорд. Статыстыка, апублікаваная Нацбанкам, датычыць перыяду ад пачатку года да 1-га траўня. Менавіта тады пачала дзеяць новая норма, якая ўскладняе атрыманне крэдытаў насельніцтвам.

Агульная запазычанасць фізычных асобаў па спажывецкіх крэдытах на 1 траўня гэтага году склала амаль 10 мільярдаў рублёў, справаздачыцца Нацыянальны банк. Для банкаўскай сферы краіны гэта новы рэкорд. Летась аналагічны паказнік быў на чвэрць ніжэйшы.

«На самой справе гэта не так шмат, калі пералічыць усю суму запазычанасці на 9,5 млн насельніцтва то на адзінку прыпадзе не так і шмат», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

Дзве траціны ад 10 мільярдаў гэта жыллёвыя крэдыты і тут усё ясна. Астатняя траціна – крэдыты спажывецкія, то бок на нейкія тавары ці іншыя патрэбы. Менавіта апошняя пазіцыя расла найбольш інтэнсіўна. Толькі за красавік беларусы ўзялі такіх крэдытаў на 136 мільёнаў. Чаму? Мы запыталіся жыхароў сталіцы

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ

«Нізкі ўзровень жыцця, дзіця ў школу сабраць і тое крэдыт патрэбны».

«Чарка-шкварка-інамарка, людзі не думаюць што будзе далей, шукаюць імгненнай карысці».

«Мне трэба карміць сям’ю, набыць ложачак, набыць каляску і так далей. Таму прыходзіцца».

«Вось я вокны ставіла ў крэдыт, шафу набыла так, фітнес-клуб аплаціла ў крэдыт. Зручна!»

«На простыя патрэбы мы крэдыты не бярэм, пенсіянеры ўжо, а моладзі патрэбныя, але дарагія крэдыты».

Пры гэтым узровень пратэрмінаваных запазычанасцяў па крэдытах фізічных асобаў не перавышае 50-ці мільёнаў рублёў, або каля 0,5 % ад усяго абʼёму.

«Лічба ў 47 мільёнаў пратэрмінаваных крэдытаў гэта зусім няшмат. Гэта можна назваць вельмі спрыяльнай сітуацыяй», – кажа Леанід Фрыдкін.

Тры чвэрці з пратэрмінаваных пазыкаў прыпадаюць менавіта на спажывецкія крэдыты. У выніку Нацбанк прыняў новыя больш строгія правілы выдачы крэдытаў насельніцтву, якія запрацавалі яшчэ месяц таму. Што не вельмі спадабалася банкам.

«Ніякія абмежаванні не спрыяюць развіццю і дасягненню рынкавага патэнцыялу, які ёсць. У сегменце фізічных асобаў і малога і сярэдняга бізнесу рост тэмпаў у паказніках крэдытавай запазычанасці і кліенцкае базы павялічыўся ў 2017 годзе ў паўтара-два разы. Нам гэта вельмі падабаецца, гэта размеркаваная рызыка», – кажа кіраўнік праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» Віктар Бабарыка.

Дзеянні рэгулятара выклікаюць здзіўленне.Бо крэдыты для фізічных асобаў спрыяюць росту раздробнага гандлю, што ў сваю чаргу прыводзіць да павелічэння вытворчасці спажывецкіх тавараў прадпрыемствамі. Менавіта апошняе гэта тое, чаго так доўга дамагаецца беларускі ўрад.

Ігар Кулей belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары