Беларусы на баку расейскіх баевікоў


Беларускі баявік прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» не прызнаў удзелу ў вайне на баку ДНР і ЛНР.

Канстанцін Гірс з Наваполацку адмовіўся размаўляць з «Белсатам» і абмяркоўваць дасье, якое на яго ды іншых беларусаў-«вагнераўцаў» сабралі службы бяспекі Украіны. Хто яшчэ з нашых грамадзянаў ваюе ў мілітарных фармаваннях за Расею, і чаму КДБ мала цікавіцца асобамі, здольнымі прафесійна трымаць зброю ў руках? Яраслаў Сцешык.

Можна схаваць танк, можна схаваць атрад спецназу, але немагчыма схаваць цэлую армію, нават калі гэта нібыта «недзяржаўнае ўзброенае фармаванне». Служба бяспекі Украіны правяла маштабную працу дзеля ідэнтыфікацыі баевікоў гэтак званай «прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнера», якой кіруе давераная асоба Пуціна Еўгеній Прыгожын. Баевікі ваявалі на баку ДНР-ЛНР ва Украіне і на баку войска аль-Асада ў Сірыі. У лютым у сірыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор вагнераўцы спрабавалі адбіць нафтавыя радовішчы ў Сірыйскіх дэмакратычных сілаў, саюзнікаў ЗША. У выніку авіяцыйных і артылерыйскіх удараў ЗША ў Дэйр-эз-Зоры ПВК «Вагнера» панесла страты да двухсот байцоў. Сярод баевікоў аказаліся не толькі расейцы, але і грамадзяне Казахстану, Малдовы, Арменіі ды Беларусі.

«У складзе «ПВК Вагнера» ёсць, як мінімум, 11 грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, з іх шасцёра бралі ўдзел у гэтак званым «Прыгожынскім наступе» ў Дэйр-эз-Зоры 7 лютага», – заявіў начальнік апарату кіраўніка СБУ Ігар Гуськоў.

Падчас брыфінгу ў СБУ назвалі прозвішчы некалькіх беларускіх вагнераўцаў – Эдвард Давідаў, Аляксандр Ступніцкі, Сяргей Сазанаў, Вадзім Юшкевіч, Канстанцін Гірс і Руслан Бабінін. «Белсат» высветліў падрабязнасці пра беларусаў-баевікоў з дапамогай украінскай базы «Міратворац«.

Канстанцін Гірс з Наваполацку служыў у віцебскай 103-й дэсантнай дывізіі. Ён адмовіўся каментаваць дасье СБУ, заявіўшы, што не ваяваў на Данбасе. Аляксандр Ступніцкі з Воршы на Данбасе быў выведнікам-связістам. Пра Эдварда Давыдава з Іванава Берасцейскай вобласці вядома мала, толькі пра ўдзел у вайне на баку расейскіх гібрыдных сілаў на Данбасе. Вадзім Юшкевіч з Наваполацку, у Беларусі ён быў міліцыянтам. Сяргей Сазанаў з Рэчыцы 17 гадоў адпрацаваў у міліцыі, але тры гады таму яго злавілі на ўжыванні псіхатропных рэчываў за стырном аўтамабіля, Сазанаў судзіўся. Руслан Бабінін з Менску паспеў паслужыць наймітам у Французскім замежным легіёне. Маці Бабініна паведаміла «Белсату«, што за 23 гады сын усяго аднойчы быў дома.

«Гэта напалову нефармальныя ўзброеныя групы. Каго яны бралі? Прынамсі, у гісторыі ўкраінскага пытання на першым этапе набіралі ветэранаў службаў спецаперацыяў, адстаўнікоў-вайскоўцаў. Пазней, калі стала не хапаць людзей, сталі набіраць усіх, ахвотных служыць, але хто мае дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі», – мяркуе Ігар Тышкевіч з Украінскага інстытуту будучыні.

Як кажуць самі баеівікі-«вагнераўцы», першы прызыў у іхнае прыватнае войска быў наймацнейшы, але потым людзі хутка скончыліся – загінулі ў баях супраць украінцаў і сірыйцаў. Цяпер патрэбная масавасць. Як паведамляе СБУ, у прыватнае войска «Вагнера» апошнім часам набіраюць усё больш людзей з крымінальным мінулым, у тым ліку замежнікаў.

«Мы – Служба бяспекі Украіны – сістэматычна перадаем інфармацыю нашым партнёрскім спецслужбам аб удзеле замежных грамадзянаў у баявых дзеяннях на Данбасе і ў складзе «ПВК Вагнера» у Сірыі», – адзначыў Ігар Гуськоў.

Але лукашэнкаўскія спецслужбы не перадаюць СБУ інфармацыі пра беларускіх грамадзянаў, што ваююць на баку расейскіх гібрыдных войскаў на Данбасе. Заявы пра добрасуседства з Украінай – гэта заявы, а ваенным саюзнікам застаецца Масква.

«Для Беларусі гэта проста палітычна небяспечна, бо паказаць супрацоўніцтва з Украінай – гэта мець праблемы з палітычнай рэакцыяй Крамля», – адзначыў Ігар Тышкевіч.

Апроч «вагнераўцаў», у Беларусі ніяк не пераследуюць і іншыя парамілітарныя фармаванні, фінансаваныя і кіраваныя Крамлём: казакаў і вядомых сваймі мотапрабегамі «Начных ваўкоў».

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Sadak Souici via ZUMA Press/ Forum